Гонку біятланістак на Кубку свету адмянілі ў апошні момант

Прычынай адмены стала значнае пагаршэнне надвор'я на месцы спаборніцтваў. Пра гэта стала вядома з заявы аргкамітэта спаборніцтваў, паведамляе БЕЛТА. Старт гонкі папярэдне пераносіцца на 28 лістапада. Яна пачнецца ў 15.15 паводле мінскага часу.





У другой палове дня ў сераду ў Эстэрсундзе пайшла залева з мокрым снегам і падзьмуў моцны вецер пры плюсавой тэмпературы паветра. Спярша журы спаборніцтваў вырашыла адкрыць стартавы гарадок. Аднак да пачатку жаночай індывідуальнай гонкі ўмовы надвор'я значна пагоршалі, гэта вымусіла змяніць першапачатковае рашэнне і адмяніць гонку.





У чацвер, 28 лістапада, у рамках першага этапу Кубка свету павінна таксама адбыцца мужчынская індывідуальная гонка на 20 км. Яе пачатак прызначаны на 19.15 паводле мінскага часу.





Фота — kpravda.com