Вы тут

"Гомельтранснафта Дружба"прапанавала 2 варыянты кампенсацыі за "брудную" нафту

Reuters

Кампанія "Гомельтранснафта Дружба" працягвае перамовы з расійскай манаполіяй "Транснафта" наконт кампенсацыі стратаў з-за скарачэння транзіту нафты. Пра гэта гаворыцца на сайце аператара беларускага ўчастку трубаправоду.

"Гомельтранснафта Дружба" адзначае, што недаатрыманы прыбытак перашкаджае ёй займацца мадэрнізацыяй трубаправодаў. Для кампенсацыі стратаў беларуская кампанія прапанавала расіянам да канца года паставіць 59 мільёнаў тон, як было запланавана ў адпаведнасці з дамовай. Дарэчы, у чэрвені 2019 года такія абяцанні былі дадзеныя як пісьмова, так і на вочных сустрэчах у "Транснафце" і Мінэнерга Расіі.

"За мінулы час "Транснафта" не падала дакументальнага пацвярджэння магчымасці прапампоўкі гэтых аб'ёмаў да канца года. "Гомельтранснафта Дружба" таксама мае пісьмовыя сведчанні з боку заходніх партнёраў аб тым, што фактычна неабходныя спажыўцам аб'ёмы транспарціроўкі па гэтым напрамку значна ніжэйшыя", — адзначаюць у беларускай кампаніі.

Другі варыянт кампенсацыі, які прапануюць у "Гомельтранснафта Дружбе", — павялічыць тарыфы на транспарціроўку зыходзячы з колькасці недапрапампаванай нафты.

Беларускі бок падкрэслівае, што страты ўзніклі па яго віне. 

Нагадаем, што 19 красавіка "Белнафтахім" паведаміў, што якасць расійскай нафты рэзка пагоршылася. Ад паставак "бруднай" нафты адмовіліся Польшча, Германія, Украіна і яшчэ некалькі краін. Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працавалі не на поўную магутнасць. Пастаўкі чыстай нафты аднавіліся толькі на пачатку траўня.