Гомельскі токар-страйковец уцёк ва Украіну без дакументаў

Гомельскі токар-страйковец уцёк ва Украіну без дакументаў

Ва Украіну ўцёк гомельсік токар Валерый Крахмалаў, які летась зладзіў страйк на "Гомсельмашы", піша "Народная Воля".

У жніўні 2020-га мужчына быў назіральнікам на выбарах. Пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў, Крахмалаў прыйшоў на завод і сеў каля свайго станка. У журнале зменнага задання ён напісаў: "У мяне забастоўка". 

Страйкаваў рабочы тры дні. А потым дырэкцыя "Гомсельмаша" пры падтрымцы афіцыйнага прафсаюза звольніла яго, заявіўшы пра невыкананне без уважлівых прычын працоўных абавязкаў работнікам, які мае непагашанае дысцыплінарнае спагнанне. Токар спрабаваў судзіцца, але суд Чыгуначнага раёна Гомеля ў верасні адхіліў яго прэтэнзіі.

Крахмалаў мае шосты разрад токара, таму хутка знайшоў працу па спецыяльнасці ў прыватнай фірме. Пры гэтым у яго вырас заробак. 

Аднак міліцыянты не пакінулі мужчыну ў спакоі. Сёлета ў сакавіку, напярэдадні Дня Волі, у яго кватэры прайшоў ператрус, а самога рабочага дапыталі наконт удзелу ў маршах пратэсту.

У чэрвені Крахмалава затрымалі і тры дні трымалі ў ізалятары. Яго вінавацілі ва ўдзеле ў адным з тэлеграм-чатаў. Па словах сілавікоў, токар там падбухторваў людзей выходзіць на вуліцы і не падпарадкоўвацца міліцыі. Таксама мужчыну закідалі, што ён нібыта 20 верасня 2020 года стаяў на вуліцы Савецкай у счэпцы перад сілавікамі і перашкаджаў ім затрымліваць пратэстоўцаў. Тады амапаўцы ўжывалі супраць пратэстоўцаў слезацечны газ і святлошумавыя боепрыпасы.

Крахмалаў віну не прызнаваў і казаў, што на відэа і фота, якія яму дэманстравалі ў СК, не ён. Праз тры дні яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і абавязанне аб яўцы ў пракуратуру. У мужчыны забралі пашпарт і пасведчанне кіроўцы — "каб не ўцёк за мяжу".

Паведамляецца, што сёлета ў Крахмалава і яго сваякоў прайшлі пяць ператрусаў. Апошні на пачатку ліпеня зладзілі супрацоўнікі КДБ пасля таго, як у кватэры пабывалі супрацоўнікі Следчага камітэта.

Крахмалаў распавёў праваабаронцам, што пэўны час быў вымушаны хавацца і ўрэшце наважыўся пакінуць радзіму без дакументаў. Дома ў яго засталіся маці, жонка і дачка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі