"Гомель" — першы фіналіст адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі

"Гомель" стаў першым фіналістам экстралігі адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі. 18 сакавіка гамяльчане атрымалі трэцюю перамогу запар у паўфінальнай серыі са жлобінскім "Металургам", адолеўшы суперніка ў гасцях - 4:2.

У двух папярэдніх паядынках на сваёй пляцоўцы "Гомель" таксама ўзяў верх над "Металургам" — 1:0 і 3:0. Такім чынам, вынік гэтай паўфінальнай серыі — 3:0 на карысць "Гомеля", які забяспечыў сабе як мінімум срэбныя ўзнагароды. Дарэчы, гамяльчане не заваёўвалі медалёў з 2004 года, калі сталі бронзавымі прызёрамі нацыянальнага чэмпіянату.

Іншы фіналіст вызначыцца ў супрацьстаянні мінскага "Юнацтва" і магілёўскага "Хімвалакна". У серыі да 3 перамог пакуль што лік 2:1 на карысць магілёўскай каманды. 19 сакавіка, супернікі правядуць у Магілёве чацвёрты матч. Калі ў ім фіналіст не вызначыцца, то 21 сакавіка ў Мінску каманды згуляюць вырашальны паядынак.

БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі