Голы мужык і бабуля без пашпарта: як Канапацкая збірае подпісы ў Курасоўшчыне

Голы мужык і бабуля без пашпарта: як Канапацкая збірае подпісы ў Курасоўшчыне

— А вы хто? 
— Я збіраю подпісы за вылучэнне сваёй асобы ў парламент на выбарах, мяне завуць Ганна Канапацкая. 
— Я бачу проста прыгожую дзяўчыну, а не палітыка.
— Дык я ж ваш дзейны дэпутат!
— А-а-а, вось яно што. А дзе вы працуеце?

Такія дыялогі падчас збору подпісаў — не рэдкасць. Дэпутатка Ганна Канапацкая, якая сёлета ідзе на другі тэрмін у Палаце прадстаўнікоў, цярпліва тлумачыць кожнаму выбаршчыку, што ды як, і просіць паставіць подпіс за сваё вылучэнне.

Кастрычніцкая выбарчая акруга № 97, па якой вылучаецца Канапацкая, — гэта, па сутнасці, мікрараён Курасоўшчына на поўдні Мінска, а таксама сталічны анклаў Сокал і прамзона Калядзічы. Тутэйшыя працуюць на буйных заводах, палітыка іх не вельмі хвалюе.

Мы ходзім па пад’ездах доўгай “панэлькі” на вуліцы Кіжаватава, недалёка ад Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Дэпутатку суправаджаюць двое памочнікаў. Збор подпісаў пачынаецца з дзявятага паверха. 

Голы мужык і бабуля без пашпарта: як Канапацкая збірае подпісы ў Курасоўшчыне

На гадзінніку каля 18:30. У першых чатырох кватэрах ніхто не адчыняе. За наступнымі дзвярыма стаіць жанчына сталага ўзросту. Здаецца, яна не разумее, навошта яе патурбавалі. Калі ёй паўтараюць, што збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты, пенсіянерка ўсміхаецца і кажа, каб ёй проста сказалі, хто самы добры кандыдат і дзе падпісацца. Аднак высвятляецца, што яе пашпарт не дома: “адправіла мужа ў ашчадкасу па пенсію”. Няўдача. Прыходзіцца ісці далей.

Ідэальны час для пакватэрнага абыходу і збору подпісаў пачынаецца праз гадзіну пасля заканчэння працоўнага дня. Дзверы пачынаюць адчыняць часцей. Але час ад часу мы чуем, як людзі падыходяць, выходзяць у тамбур — і не адчыняюць. 

Голы мужык і бабуля без пашпарта: як Канапацкая збірае подпісы ў Курасоўшчыне

Адзін з жыхароў Курасоўшчыны, які так і застаўся невядомым, пракрычаў Ганне з-за зачыненых дзвярэй:

— Сыходзьце, мы не галасуем!

У іншай кватэры мужчына пачаў абурацца: 

— Ну слухайце, вось ніколі не хадзіў [на выбары], а ўсё некага выбіраюць ды выбіраюць!

Пазнавалі апазіцыйную дэпутатку не ўсюды. Маладым выбаршчыкам Канапацкая прапаноўвае прагугліць сваё імя. З больш сталымі пачынаюцца доўгія дыялогі.

— Вось праведзяце капітальны рамонт — тады і паразмаўляем! — зачыняе перад намі з трэскам дзверы эмацыянальная жанчына. Іншыя адкрыта кажуць, што не бачаць сэнсу галасаваць. Маўляў, усё адно нічога не зменіцца.

Наступныя дзверы адчыняе мужчына з голы пузам у старых хатніх шортах. Пабачыўшы Ганну, ён кажа “Ой!” і хуценька зачыняе дзверы. Больш ён да нас не выйдзе. Але часцей за ўсё, калі дзверы адчыняюцца, каманда Канапацкай без подпісу не сыходзіць. Але зусім іншая рэч, колькі часу гэта можа заняць. Дэпутатка адказвае на пытанні пра жыццёвы досвед, адукацыю і нават паказвае пашпарт! Узнагарода за доўгую размову — подпісы адразу некалькіх жыхароў кватэры. Свайго кандыдата яны дакладна запомняць.

Голы мужык і бабуля без пашпарта: як Канапацкая збірае подпісы ў Курасоўшчыне

Збор подпісаў працягваецца да позняга вечара — пакуль яшчэ прыстойна званіць людзям у дзверы. Каб паказаць рэальны ўзровень падтрымкі ў акрузе, Ганна Канапацкая плануе сабраць пяць тысяч подпісаў. Усе — абходам па кватэрах, да збору подпісаў на вулічных пікетах яна ставіцца скептычна.

Голы мужык і бабуля без пашпарта: як Канапацкая збірае подпісы ў Курасоўшчыне

— Вядома, я б таксама магла сабраць каманду і паставіць людзей збіраць подпісы. Але які шанец, што да вас будуць падыходзіць людзі з прапіскай у патрэбнай акрузе? Інакш такія подпісы нават немагчыма будзе падаць, колькі б іх там ні было. Таму тыя палітыкі, якія збіраюць на вуліцы подпісы ва ўсіх запар, напрацоўваюць сваю базу — але ніяк не набліжаюцца да вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты. Такі збор подпісаў добры для самога палітыка і партыі. Аднак звычайныя людзі будуць думаць, што аддаюць свой голас за кагосьці, а фактычна іх подпісы проста сыдуць у нікуды. Менавіта таму я сама буду хадзіць па кватэрах і размаўляць з людзьмі. Тым больш што кантакт губляць нельга.

Парламенцкія выбары ў Беларусі запланаваныя на 17 лістапада. У Палату прадстаўнікоў будзе абрана 110 дэпутатаў. Каб стаць кандыдатам у дэпутаты, трэба ці сабраць тысячу подпісаў у жыхароў, прапісаных у пэўнай выбарчай акрузе, ці вылучыцца па спісе палітычнай партыі, якая мае больш за 300 сяброў. 

Ганна Канапацкая, адна з дзвюх апазіцыйных дэпутатак дзейнага парламента, вырашыла пайсці на другі тэрмін. Сёлета яна балатуецца па той жа Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97 — як і тры гады таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі