Гісторыя з маці і немаўлём на мяжы: "Памежны камітэт правядзе праверку"

 Гісторыя з маці і немаўлём на мяжы: "Памежны камітэт правядзе праверку"

Беларуску з немаўлём на мяжы прымусілі 40 хвілін запаўняць дзіўную анкету на дзіця, калі яны вярталіся з Вільні, дзе яно нарадзілася. Пра гэта Анастасія Шаткевіч распавяла Еўрарадыё:

"У беларускім консульстве для дачкі выдалі часовы дакумент — пасведчанне на вяртанне, з якім яна можа вярнуцца ў Беларусь. Ехалі мы на аўтамабілі: я, муж, дачка і мая сястра. У пункце пропуску "Прывалка" на беларуска-літоўскай мяжы мне прапанавалі прайсці ў службовае памяшканне для афармлення нейкага дакумента, а дзіця пакінуць у машыне. Муж і сястра былі каля акенца пашпартнага кантролю і не ведалі, куды мяне павялі. Паколькі дачка сама не магла запоўніць "Анкету для грамадзян РБ, дэпартаваных з-за мяжы ці тых, хто ўязджае па пасведчанні на вяртанне", яе запаўняла я. У выніку гэта доўжылася амаль што сорак хвілін".

Па словах Анастасіі, нават самі памежнікі часам не вельмі разумелі, як і што ёй запаўняць у анкеце. І часам кудысьці тэлефанавалі, каб спытацца, на што ёй патрэбна адказваць.

У самой анкеце палова пытанняў тычылася правапарушальнікаў кшалту "Адбыванне пакарання (месца, установа, тэрмін)", "Агульныя ўмовы ўтрымання ў зняволенні" ці "Ці мелі вы прапановы ад літоўскіх спецслужбаў на супрацоўніцтва?".

Фармальная працэдура, якую трэба спрасціць

Памежны камітэт пракаментаваў Еўрарадыё, што для супрацоўнікаў пункту пропуску “Прывалка” гэта даволі рэдкая сітуацыя, калі немаўля едзе па такім дакуменце, таму было вырашана правесці дадатковую размову з маці:

"Калі людзі ідуць праз мяжу па "пасведчанні на вяртанне", то яны праходзяць фармальную працэдуру, дзе ў іх распытваюць пра абставіны страты дакументаў. Часам гэта праходзіць вусна, часам пісьмова. З улікам рэдкасці сітуацыі, нам [памежнікам] трэба было ўдакладніць некаторыя нюансы, звязаныя з наяўнасцю дадзенага сведчанні ў дзіцяці, і як яно яго атрымала. Таму было вырашана задаць дадатковыя пытанні законнаму прадстаўніку немаўляці — маці. Сам памежны кантроль заняў усяго шэсць хвілін".

А вось размова з маці і запаўненне анкеты занялі сорак хвілін. Наконт таго, чаму дазнанне доўжылася так доўга, у Памежным камітэце паабяцалі правесці праверку:

"Што тычыцца таго, як доўга гэта ўсё адбывалася, мы правядзём дадатковую праверку памежнікаў. Абавязкова разбяромся, і калі высветліцца, што неабходна прыняць меры па карэкціроўцы і ўдакладненні парадку дзеянняў у такіх выпадках пагранічнымі службамі, мы, вядома, абавязкова іх прымем. Мы паспрабуем прыняць усе неабходныя меры, каб у далейшым падчас такіх выпадкаў быў скарочаны час ці неяк спрошчаная працэдура".

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі