Гісторыя аднаго фэйка. Як пракуратура пужае арганізатараў дзіцячага адпачынку
![Пракурорскія "закрываюць" лагер пад Лідай](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-06/lida_prokuratura.png.webp?itok=lSWKmIBv)
Пракурорскія "закрываюць" лагер пад Лідай / Скрыншот
Па ТБ расказалі, як закрылі "стыхійны намётавы лагер" пад Лідай. Але чамусьці прамаўчалі, што гэта адбылося год таму.
Сёлета Генпракуратура выступіла супраць "нелегальных дзіцячых лагераў". Прасцей кажучы — супраць таго, каб нехта вывозіў групы дзяцей на прыроду без кантролю з боку ўладаў. Пра гэта паказалі сюжэт па "РТР Беларусь". Там старшы пракурор Кацярына Нагорная заявіла, што ведамства "запатрабавала выключыць функцыянаванне стыхійных лагераў гэтым летам".
У гэтым жа сюжэце карэспандэнтка Вераніка Белазаровіч распавяла пра закрыццё "стыхійнага лагера" ў Лідскім раёне, дзе адпачывалі 55 дзетак. "Дзеці спалі на падлозе, а ў лядоўні знайшлі жывую прыкормку для рыб побач з прадуктамі харчавання", — пужае яна.
Кадры, якія пры гэтым паказваюць, знятыя год таму, у чэрвені 2023 года. Менавіта тады ўлады закрылі лагер "Хрысціянскай садружнасці дарослых і маладых" у вёсцы Панямонцы. Тут адпачывалі 55 дзетак. А ў лядоўні знайшлі прыкормку для рыб. Супадзенні заўважыў ютуб-канал @RussiaBelarusEnglish.
![Гісторыя аднаго фэйка. Як пракуратура пужае арганізатараў дзіцячага адпачынку](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/Screenshot%202024-06-23%20130617.png.webp?itok=rfsjbPCj)
![Гісторыя аднаго фэйка. Як пракуратура пужае арганізатараў дзіцячага адпачынку](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/Screenshot%202024-06-23%20132157.png.webp?itok=3iBehqG8)
Мэта ўладаў відавочная: напужаць арганізатараў дзіцячага адпачынку і ўзяць усё пад свой кантроль. І дзеля гэтага яны гатовыя хлусіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.