Гісторыкі звернуцца да хрысціянскіх кіраўнікоў, каб аднавіць крыж у Дражне

Таварыства аховы помнікаў распрацоўвае меры па абароне знесенага ўладамі памятнага крыжа ў вёсцы Дражна. Адна з мераў — зварот да кіраўнікоў хрысціянскіх канфэсіяў у Беларусі. Каментуючы агенцтву БелаПАН знос крыжа, старшыня Старадарожскага райвыканкаму Васіль Вусік прапанаваў грамадскасці звярнуцца да мясцовых уладаў. Кіраўнік Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч лічыць гэтую прапанову запозненай:

Антон Астаповіч: "Ну, у першую чаргу, я туды ўжо звярнуўся: яшчэ ў пятніцу, 25-га чысла, пайшоў заказны ліст за маім подпісам з патрабаваннем вярнуць крыж на месца. Па-другое, мы зараз прадумваем усе крокі. Мы гэтую справу так не пакінем. Мы будзем работаць, каб крыж вярнуўся на месца".

Адным з першых крокаў А.Астаповіч назваў заяву ад імя Таварыства аховы помнікаў пра стаўленне да хрысціянскіх ініцыятываў у Беларусі. Заява будзе распаўсюджаная сярод кіраўнікоў усіх хрысціянскіх канфэсіяў Беларусі.

Нагадаем, 19 красавіка па ініцыятыве мемарыяльнай секцыі ГА "Беларускае дзяржаўнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" побач з каталіцкімі могілкамі вёскі Дражна быў усталяваны і асвечаны праваслаўным святаром памятны шасціканцовы крыж нябеснай заступніцы Беларусі святой Ефрасінні Полацкай у памяць 25 мірных жыхароў, забітых партызанамі 2-й Мінскай брыгады 15 красавіка 1943 года.

23 красавіка Вячаслава Сіўчыка асудзілі за арганізацыю мемарыяльнай акцыі на 15 сутак. Тады ж з'явілася інфармацыя пра дэмантаж памятнага крыжа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі