Гісторык просіць Генпракуратуру пакараць чыноўнікаў Міністэрства культуры

Старшыня Беларускага добраахвотнага грамадства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч звярнуўся ў Генеральную пракуратуру. Ён просіць прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў Міністэрства культуры, якія дазволілі ўзвядзенне высотнага будынка на тэрыторыі гістарычнай забудовы Мінску. Як лічыць гісторык, чыноўнікі парушылі закон "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", калі выдалі дазвол на будаўніцтва шматпавярховага жылога будынка ў квартале, абмежаваным вуліцамі Максіма Багдановіча, Старажоўскай і акадэміка Георгія Заборскага. Гэты квартал з яго гістарычнай планіравальнай структурай, ландшафтам і культурным пластом занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

У інтэрв'ю БелаПАН Астаповіч падкрэсліў, што яшчэ 18 лістапада мінулага года ён звярнуўся ў пракуратуру Мінску з гэтым самым пытаннем, аднак не атрымаў адказ на свой зварот.

Па словах гісторыка, выканкам Цэнтральнага раёна сталіцы ў студзені двойчы праводзіў зборы жыхароў квартала, якія выступаюць за ўзнаўленне і музеефікацыю бацькоўскага дома класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча захаваных падмурках гэтага помніка, добраўпарадкаванне квартала і яго азеляненне з разбіўкай сквера і ўсталяваннем скульптураў.

Аднак сустрэчы службоўцаў з жыхарамі былі накіраваныя на заспакаенне людзей, а не прадугледжвалі шырокае грамадскае абмеркаванне праекту ўзвядзення высотнага жылога дома ў раёне гістарычнай забудовы, як гэта прадугледжана законам. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі