Вы тут

"Гэта выглядала вар'яцтвам": трыятланіст фінішаваў са зламанай ключыцай

Трыятланіст Мікалай Дубінчык / Еўрарадыё

Падзенне з ровара на спаборніцтвах "Minsk Triathlon" абярнулася для Мікалая Дубінчыка пераломам ключыцы. Аднак мужчына, насуперак сур'ёзнай траўме, не сеў у машыну хуткай дапамогі, а падняў ровар і працягнуў гонку. Больш за тое, з больш чым чатырохсот удзельнікаў ён фінішаваў... 51-м! Але пра ўсё па парадку.
 

Інжынер-трыятланіст

— Трыятлон — спорт для ветэранаў-профі, якія раней займаліся плаваннем, роварным спортам або бегам, — расказвае Еўрарадыё Мікалай. — Раней за 30-35 гадоў у трыятлон не прыходзяць: тут працяглыя і цяжкія нагрузкі ў высокім тэмпе, таму моладзь засцерагаюць ад такіх дыстанцый. Арганізм павінен прывыкнуць да гэтага, павінен быць падрыхтаваны. Самы росквіт для трыятлона — 35–45 гадоў.

Мікалаю Дубінчыку 41 год, і хоць ён не прафесійны спартсмен, але роварным спортам і плаваннем займаецца даўно. І наогул ён па прафесіі інжынер, працуе ў сферы мікраэлектронікі. Для яго гэта не першы трыятлон і не першы няўдалы досвед: раней Мікалай таксама ламаў ключыцу на спаборніцтвах. Але гэта яго не спыніла: доўгія месяцы аднаўлення, трэніровак — і зноў у бой.

Усё ішло як па падручніку

Мікалай перад першым этапам трыятлона / Еўрарадыё

У пачатку спаборніцтваў нішто не прадвяшчала бяды. Да этапу велатрэка Мікалай быў у ліку першых пятнаццаці спартсменаў.

— Я нядрэнна выплыў, мне крычалі: "Дзве хвіліны да лідара! Добра ідзеш!" Адпаведна, у мяне ў галаве на той момант была толькі колькасць месцаў наперадзе і адрэналін. Хуткае пераапрананне ў транзітнай зоне, пасадка на ровар — усё было адточана і ішло як па падручніку, — расказвае мужчына.

Першы сюрпрыз — разварот на дарозе, які арганізатары змясцілі ў дзве паласы. Мікалай тлумачыць, што, у прынцыпе, развярнуцца ў такой сітуацыі не праблема, але для спартсмена, які ідзе на вынік, страта некалькіх секундаў для запаволення — катастрофа.

— Гэта асаблівасці нашых постсавецкіх арганізацый, калі разметкай трэка займаюцца людзі, далёкія ад роварнага спорту. Як можна на спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню размеціць разварот 180 градусаў на дзвюх маленькіх палосках? Гэту "разваротку" выбралі насупраць рэстарана "Урарту". Усе астатнія развароты былі на шасці-васьмі палосах, а тут на дзвюх. Вы ўяўляеце, што такое на шашэйным ровары развярнуцца на дзвюх вузкіх палосках?

Потым ужо асабіста ў мяне папрасілі прабачэння валанцёры, маўляў, пасля вашага падзення мы перарабілі трошкі гэты калідор. Але зразумела, што першапачаткова не трэба было рабіць такіх разваротаў.
 

"Даішнікі крычалі: "Вазьміся за руль!"

Мікалай, які пакуль яшчэ не зламаў ключыцу, перад заездам / Еўрарадыё

— Перад спаборніцтвамі ўсю ноч ішоў дождж, і дарога сям-там не высахла. У выніку я не разлічыў траекторыю, перад злашчасным разваротам на мокрым месцы "пайшло" задняе кола і я ўпаў на тое плячо, якое і так да гэтага было не ў самым лепшым стане. Вынік — закрыты пералом са зрушэннем, — канстатуе Мікалай. — Там шмат людзей завалілася — асабліва тых, хто ішоў на вынік і эканоміў кожную секунду.

Падняўшыся і падняўшы ровар, мужчына адчуў, што левая палова тулава ў яго проста абвісла. Неўзабаве да яго падбеглі людзі з падтрымкі, якая знаходзілася побач, пшыкнулі замарозкай. Ад шпіталізацыі спартсмен адмовіўся.

— Сваю ролю адыграў адрэналін і запал гонкі. Я вырашыў: "Праеду яшчэ кружок, калі дрэнна не будзе". Зразумела, ні пра які спаборніцкі тэмп гаворка ўжо не ішла. Сеў на ровар, выбраў становішча, у якім не так моцна балела. Крыўдна было, вядома: зноў тая самая ключыца, зноў аднаўленне, год падрыхтоўкі проста ў нікуды, — наракае інжынер-трыятланіст.

Вось у такім становішчы ехаў Мікалай па гоначнай трасе / Еўрарадыё

— Пра бегавы этап на той момант наогул не думаў, — працягвае мужчына. — У галаве не ўкладвалася, што можна прабегчы са зламанай ключыцай, тут хоць бы роварны этап праехаць. Даехаў я 130-нейкім, а да гэтага быў на дзясятым месцы.

Часам, каб папіць, я адпускаў рукі, выпростваўся. Было некалькі крыкаў ад даішнікаў, маўляў, "вазьміся за руль!". Для іх гэта выглядала дзіка, калі чалавек на 40-50 кіламетрах за гадзіну едзе седзячы, выпрастаўшыся і адпусціўшы рукі. Але па-іншаму я ніяк не мог ні папіць, ні перакусіць пажыўным батончыкам.

Хтосьці можа сказаць: а ці варта было падводзіць пад небяспеку сябе і іншых удзельнікаў? У час гонкі пра гэта наогул не думаў. Хутчэй за ўсё, адбіўся адрэналін і досвед складанага кіравання.
 

"Трэба было страляць у яго транквілізатарам, пакуль сябе не забіў"

Па завяршэнні роварнай гонкі Мікалай падумаў: а можа, і на забег? Сяк-так пераабуўся, упёр руку ў пояс, паспрабаваў прайсціся, потым прабегчыся.

— Гляджу — быццам бы косць вонкі не вылазіць. Па гарачых слядах спрабую пераадзець абутак і прымаю рашэнне ісці на бегавы этап. У гэты час падбеглі з хуткай, пшыкнулі замарозкай і далі дзве таблеткі абязбольвальнага. Кажуць мне: "Калі ты завалішся на трасе, мы цябе адтуль не выцягнем. Давай лепш у палатку". А я ім: "Давайце я трошкі пабегаю".

Крыху пазней у чаце спартоўцаў пра эпапею Мікалая Дубінчыка жартам напісалі: "Трэба было страляць у яго транквілізатарам, пакуль сябе не забіў". Але былі і тыя, хто пакідаў каментары на форуме, не ведаючы пры гэтым, чаму мужчына едзе з рукой, якая ляжыць на рулі. "Мабыць, ён не прывык яшчэ да новага ровара".

Руку ў бок — і наперад / Еўрарадыё

— Я пабег далей. Бег з сярэдняй для мяне хуткасцю, хоць для некаторых мой тэмп здаваўся хуткім, яны абураліся, маўляў, "абганяеш!". Рука мая была на поясе, локаць адстаўлены ўбок, і яго пару разоў закраналі бегуны. Само сабой, было балюча.

Пачуццё гумару, хоць і прыпраўленае болем, не пакідала Мікалая.

— Валанцёры на першым крузе крычалі: "Мужчына, сыдзіце!" Я адмахваюся. На наступным зноў крычаць. На трэцім адказваю: "Ды не хвалюйцеся, у мяне зламаная ключыца!" А на апошнім крычу: "Не хвалюйцеся, я ўжо дабег!" Ніхто не верыў, што можна бегчы са зламанай ключыцай.

Для лекараў і ўсіх навакольных гэта выглядала вар'яцтвам. Для мяне гэта было выклікам самому сабе.

Мікалай Дубінчык, нягледзячы на пералом, фінішаваў 51-м з больш чым чатырохсот удзельнікаў. Гэта ён тлумачыць добрай генетыкай і даўно напрацаванай спартыўнай базай. Ну і без сілы волі таксама нікуды.

— Цяпер мяне на шэсць тыдняў закаталі ў гіпс, перабінтаваны-перавязаны сяджу дома. Жонцы параілі прышпіліць да ложка, каб не ўцёк, — смяецца інжынер-трыятланіст. — Спадзяюся, што косць зрасцецца правільна, а інакш давядзецца рабіць аперацыю з імплантатам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.