Вы тут

Германія прыпыніла дэпартацыі ў Беларусь і іншыя краіны Усходняй Еўропы

Фота носіць ілюстрацыйны характар / faz.net

У сувязі з вайной Расіі супраць Украіны Германія прыпыняе дэпартацыю асоб, абавязаных пакінуць краіну, у дзяржавы Усходняй Еўропы, піша нямецкае выданне Welt am Sonntag. Сярод краін — Украіна, Расія, Беларусь, Малдова, Румынія, Польшча і іншыя.

Дэпартацыя немагчымая "з-за закрыцця паветранай прасторы або прыпынення прамых рэгулярных паветраных зносін па фактычных прычынах", — цытуе выданне МУС Баварыі.

Прыпынак рэпатрыяцыі таксама звязаны з перанасычанасцю Польшчы, Румыніі, Чэхіі і Славакіі ўкраінскімі ваеннымі бежанцамі — уладам гэтых краін зараз не да "дэпартаваных", тлумачыць Welt am Sonntag.

Грамадзянам, якія не могуць быць вернуты ў свае краіны, улады Германіі даюць шасцімесячную "адтэрміноўку". Як толькі неба зноў адкрыецца, сітуацыя будзе перагледжана, тлумачаць у Дзяржаўным упраўленні па справах іміграцыі (LEA).

Кіраўнік берлінскага прафсаюза паліцэйскіх (GdP) Норберт Чыёма не выключае, што ў выніку магчымая затрымка з вяртаннем. Але называе такі крок уладаў лагічным: "У цяперашняй сітуацыі абсалютна правільнае рашэнне не дэпартаваць людзей у гэтыя краіны".

Паводле інфармацыі Welt am Sonntag, у 2021 годзе з Германіі было дэпартавана 12 тысяч чалавек. У асноўным гэта грамадзяне Сербіі, Пакістана, Малдовы і Румыніі. Большая частка дэпартацый з ФРГ адбываецца менавіта самалётам.

На дадзены момант паветраная прастора заблакаваная не толькі над Украінай і Расіяй — у сувязі з вайной, і Беларуссю — з-за гісторыі з пасадкай самалёта Ryanair у Мінску, але і над Малдовай. Аэрапорт Кішынёва зачынены да 25 красавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.