Генсакратар ААН заклікае абодва бакі спыніць абстрэлы ва Украіне

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў занепакоенасць з нагоды эскалацыі канфлікту на ўсходзе Украіны. Гэтыя баі прывялі да гібелі грамадзянскіх асоб па абодва бакі лініі размежавання на Данбасе. Пан Гі Мун заклікаў усе бакі тэрмінова пачаць дээскалацыю цяперашняй сітуацыі, каб прадухіліць далейшую гібель людзей, перадае BBC.

У панядзелак не менш за 10 чалавек загінулі падчас сутычак паміж украінскімі вайскоўцамі і данбаскімі сепаратыстамі. Украінскія вайскоўцы і прыхільнікі так званых "ДНР" і "ЛНР" абвінавацілі адзін аднаго ў парушэнні рэжыму спынення агню.

На брыфінгу ў панядзелак прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Джон Кірбі зноў папракнуў Расію ў эскалацыі канфлікту ва Украіне. "Расія і сепаратысты ладзяць гэтыя напады, таксама як яны пайшлі на абвастрэнне канфлікту ў жніўні мінулага года", — сказаў ён.

Дарэчы, у суботу, 15 жніўня, прадстаўнікі АБСЕ заявілі, што цяжкае ўзбраенне, адведзенае з лініі фронту згодна з мінскімі пагадненнямі, больш не знаходзіцца ў тыле. Прыхільнікі так званай "ДНР" не далі місіі АБСЕ доступ на два аб'екты, дзе мусіць стаяць буйнакаліберная зброя.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі