Гайдукевіч з-за папулярнасці не выходзіць на вуліцу ў камандзіроўках

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у камандзіроўках аглядае мясцовыя славутасці альбо дапамагае жонцы ў шопінгу. Дэпутат Сяргей Касцян нават не дапускае думкі пра тое, што ў камандзіроўцы можна адпачываць. Старшыня ліберал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч за мяжой застаецца ў гатэлі ці офісе, таму што кожны яго выхад ў людзі ператвараецца ў шоў. І толькі сенатар Мікалай Чаргінец піша кнігі. На мінулым тыдні расійская газета “Время новостей” паведаміла што ў Сочы, чакаючы сустрэчы з прэзідэнтам Расіі, Аляксандр Лукашэнка гуляе ў валейбол. Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца, як бавяць вольны час іншыя камандзіраваныя чыноўнікі.

Сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік паспявае зрабіць у камандзіроўцы ўсю працу, у дадатак да гэтага ён аглядае мясцовыя славутасці ды знаёміцца з новымі людзьмі. Крамы – апошняе, куды Мікалай Лазавік пойдзе за мяжой. І тое, толькі калі жонка зацягне.

Мікалай Лазавік: Акрамя працы я паспяваю агледзець славутасці, а галоўнае – пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. А вось крамы не люблю. Хаджу туды толькі як насільшчык побач з жонкай.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Касцян гаворыць, што ў камандзіроўках займаецца толькі працай. Маўляў, ён не з тых чыноўнікаў, пра якіх прэзідэнт кажа, што яны едуць у турыстычную вандроўку замест дзелавой.

Сяргей Касцян: А я акрамя працы ў камандзіроўках нічога не бачу. Ёсць аматары, якія, паводле слоў нашага прэзідэнта, едуць у дзелавую, а плануюць турыстычную вандровачку. А я – ніколі ў жыцці.

Пры гэтым Сяргей Касцян падтрымлівае тое, што нават за мяжой кіраўнік Беларусі займаецца спортам. Ён і сам робіць тое самае, толькі не так публічна, абмяжоўваецца ранішняй гімнастыкай з гантэлямі.

Сяргей Касцян: Спорт – гэта іншая справа. Прэзідэнт правільна робіць, што надае час спорту. І я імкнуся – кожную раніцу і ў камандзіроўках раблю гімнастыку з гантэлямі.

У лідэра Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Гайдукевіча таксама няма вольнага часу ў камандзіроўках. Але гэта яго мала хвалюе. Таму што нават калі б Гайдукевіч вырашыў зайсці ў краму ці кавярню, то, па яго словах, гэта было б сапраўднае шоў – такі ён папулярны.

Сяргей Гайдукевіч: Вы не паверыце, мне не хапае часу, каб перарабіць усю працу. Да таго ж, іншых чыноўнікаў наўрад ці хто ведае ў твар. Таму яны могуць хадзіць па крамах, ці проста гуляць. Уявіце самі, як я зайду ў краму? Гэта проста немагчыма, таму што я вельмі вядомы, і гэта ператвараецца ў шоў.

Акрамя сакратара Цэнтравыбаркама, толькі старшыня саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец прызнаўся ў тым, што паспявае займацца ў камандзіроўках чымсьці апроч працы. Паводле яго слоў, калі выпадае некалькі вольных гадзін, то ён прыдумляе новыя кнігі, ці можа зайсці ў дзіцячы магазін, дзе можа пратраціць усе грошы на ўнукаў.

Мікалай Чаргінец: Увесь вольны час я спрабую аддаць літаратуры. Я ж пішу кнігі. Таму калі я адзін у гасцінічным пакоі, тады я імкнуся што-небудзь сачыніць... Калі ж мяне пусціць у дзіцячую краму, то трэба за вушы адцягваць, каб я не патраціў усе грошы на ўнукаў.

Атрымліваецца, што час на недзелавые справы ў камандзіроўках ёсць толькі ў прэзідэнта і сакратара ЦВК?

Фота – Белгазета

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі