Гайдукевіч: Я не забараняю сваім партыйцам ісці на маўклівыя акцыі

Сацыяльны выбух можа адбыцца восенню, мяркуе кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч. У інтэрв'ю Еўрарадыё ён выказаўся наконт маўклівых акцый і ўдзелу у іх сяброў сваёй партыі, а таксама запэўніў, што яго сын не мае дачынення да палітычных рэпрэсій.

Еўрарадыё: Нядаўна вы заявілі, што можаце выйсці на плошчу папляскаць у ладкі і калі гэта зробіце вы, то гэта не будзе 100-200 чалавек, а тысячы вашых паплечнікаў. Якой рэакцыі ўладаў чакаеце на такі масавы выхад партыйцаў на вуліцы? Гэта ж могуць расцаніць улады як спробу дзяржаўнага перавароту?..

Гайдукевіч: “Толькі ў мінскай гарадской арганізацыі 8,5 тысяч членаў партыі. Гэта не я прыдумаў. Я доўга маўчаў. 29 красавіка я заклікаў кіраўніцтва [краіны] да адстаўкі. Казаў, што гэтыя людзі не могуць кіраваць краінай, паабяцаў, што я не буду карыстацца сітуацыяй. Але тое, што зараз адбываецца, калі па рэспубліцы за 30 дзён затрымана больш за 800 чалавек... Я гэтага цярпець больш не магу!

Я адклаў у бок усе нашыя разыходжанні: хто з кім сябруе. Я кажу таксама аб тым, што я б не хацеў, каб восенню мы раздзяліліся на дзве калоны як на Украіне: адна — прарасійская, другая —праеўрапейская. Мяне трэба выслухаць і зразумець. Але я нікому не дам кракаць больш, чым кажу я. Але я не хачу канфрантацыі ўнутры, каб было дзве калоны ўнутры”.

Еўрарадыё: Можаце дакладна сказаць, ці выйдзеце ў бліжэйшую сераду ці не?

Гайдукевіч: “Я ўвогуле не хачу распавядаць, што я буду рабіць. Але я паўтаруся, цярпенне маё і маіх прыхільнікаў сканчваецца. У сераду спыняць сваіх людзей я не буду, я не маю маральнага права. Людзі нічога не робяць. Я папярэдзіў уладу, што тое, што яны робяць, дабром не скончыцца. Гэта ўсе выльецца восенню”.

Еўрарадыё: Ці шмат вашых людзей, якія былі затрыманыя падчас акцыі маўклівага пратэсту, былі прывезеныя у Фрунзенскі РУУС?

Гайдукевіч: “Я разумею на што вы намякаеце (сын кіраўніка ліберал-дэмакратаў, Алег Гайдукевіч, з'яўляецца начальнікам Фрунзенскага РУУС сталіцы — Еўрарадыё). Мой сын — не спецназ і не амонавец, яго ўся аўтабіяграфія — АБЭЗ (аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі — Еўрарадыё) і вышук. Як бы вы там ні круцілі, ён ніякага дачынення [да разгону маўклівых акцый] не мае. Гэта не міліцыі праца, няма пераапранутых міліцыянтаў. У РУУС няма падраздзялення ні АМОНа, ні спецназа. Таму так хлапцы і працуюць. Там ніхто не пераапранаецца. Ён быў сапраўдным афіцэрам і такім застанецца, я задаволены”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі