Гарвыканкам і Ратуша таксама фаняць, але менш, чым плошча Незалежнасці

Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці не “свеціцца” радыяцыяй новапакладзеная тратуарная плітка ў іншых месцах Мінска акрамя плошчы Незалежнасці. І прайшлося з дазіметрам каля Нацыянальнай бібліятэкі, па плошчы Свабоды ды іншых шматлюдных месцах сталіцы. Агульны радыяцыйны фон горада ў панядзелак вагаўся ад 12 да 14 мікрарэнтген у гадзіну. Каля Нацыянальнай бібліятэкі ўзровень яго вырас да 17 мікрарэнтген. А калі дазіметр паклалі на плітку каля самой бібліятэкі, то ўзровень выпраменьвання вырас да 25 мікрарэнтген.

Наступным аб’ектам журналісцкага расследавання стала плошча Свабоды. А дакладней – тратуарная плітка каля Ратушы. Там дазіметр паказаў узровень выпраменьвання ў 31 мікрарэнтген.

Гранітная плітка, якой выкладзена падлога гандлёвага цэнтра “Сталіца”, паказала самы нізкі ўзровень радыяцыйнага выпраменьвання – 17 мікрарэнтген у гадзіну. Гэта на ярусе, які знаходзіцца бліжэй да паверхні. Затое над гандлёвым падзямеллем, побач з будынкам Мінгарвыканкаму, лічбы на дазіметры паказалі самы высокі ўзровень – 49 мікрарэнтген.

Зрабілі яшчэ адзін замер і на самой плошчы Незалежнасці. Днямі там прайшліся з дазіметрам журналісты афіцыйных СМІ і нічога не знайшлі. Так вынікала з тэксту артыкула. Хоць на размешчаным побач фотаздымку дазіметр паказваў 63 мікрарэнтгены. Дазіметр Еўрарадыё таксама паказаў блізкую да гэтага лічбу – 60 мікрарэнтген.

Як паведамляла ўжо Еўрарадыё, першыя лабараторныя даследаванні тратуарнай пліткі па замове Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС спецыялісты Інстытута “Сосны” правялі яшчэ ў траўні. Тады ж паведамілі следчым свае высновы.

Па словах начальніцы прэс-службы МУС Кацярыны Шэлегавай-Самусенкавай, усе сабраныя матэрыялы следчыя перадалі ў Генеральную пракуратуру. Ці распачынаць па іх крымінальную справу, вырашаць будуць там.

Кацярына Шэлегава-Самусенкава:
“Матэрыялы ўжо ў пракуратуры, таму не нам ужо казаць пра гэтую справу. Гэта не кампетэнцыя міліцыі і не артыкулы міліцыі. Ці будзе распачынацца крымінальная справа па перададзеных дакументах – гэта кампетэнцыя пракуратуры”.

Супрацоўнік прэс-службы Генеральнай пракуратуры са здзіўленнем даведаўся ад Еўрарадыё, што пракуратура займаецца справай “аб радыяцыйнай тратуарнай плітцы з плошчы Незалежнасці”. І ўпэўніў, што ў іх такіх матэрыялаў няма.

Прэс-служба Генпракуратуры:
“Аб тым, што падобныя даследаванні праводзіліся, у нас такіх матэрыялаў няма”.

Між тым стала вядома, што амаль адразу пасля з’яўлення на Еўрарадыё матэрыяла аб радыяцыйнай плітцы на плошчы Незалежнасці, з працы звольніўся дырэктар прадпрыемства “Дырэкцыя па рэканструкцыі плошчы Незалежнасці”. Даведацца, ці не звязаныя паміж сабой гэтае звальненне і першы рэпартаж на тэмы радыяцыі ў цэнтры Мінску, Еўрарадыё не ўдалося. На працягу ўсяго дня ні адзін з тэлефонаў “Дырэкцыі” не адказваў.




На лаве недалёка ад Чырвонага касцёла ўзровень радыяцыі на 10 мікрарэнтген меншы, чым на плітцы



На першым паверсе гандлёвага цэнтра "Сталіца" ўзровень радыяцыі найменшы



Фаніць нават каля Ратушы



Каля Нацыянальнай бібліятэкі ўзровень радыяцыі таксама вышэйшы за агульны радыяцыйны фон па горадзе

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі