Вы тут

Гамяльчук распыляў пярцовы газ у шапіках і крамах — дзеля эксперымента

Гомельская міліцыя / БЕЛТА

На пачатку траўня гомельскія міліцыянты некалькі дзён атрымлівалі паведамленні пра невядомага мужчыну, які беспадстаўна і нечакана распыляў слезацечны газ. 

Аб'ектамі нападу станавілся пераважна шапікі на вуліцах і невялікія крамкі, адзначае прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама. На Рэчыцкім праспекце мужчына пусціў газ праз акенца ў шапік "Белсаюздрука". Праз дзень паўтарыў тое самае ў шапіку на праспекце Кастрычніка. Пацярпела і некалькі невялікіх крамак. Для нападу мужчына выбіраў месцы з невялікімі памяшканнямі, дзе распылены газ мог аказаць найбольшае ўздзеянне. 

Міліцыянты сабралі відэа з камер назірання. Гаспадароў і прадаўцоў шапікаў папярэдзілі, каб у падобнай сітуацыі максімальна хутка паведамілі праваахоўнікам або скарысталіся "трывожнай кнопкай" Дэпартамента аховы.

6 траўня каля дзясятай гадзіны раніцы сігнал трывогі спрацаваў у краме "Мегавкус" на вуліцы Міжнароднай. Нападнік распыліў там слезацечны газ. Супрацоўнікі Савецкага аддзела Дэпартамента аховы затрымалі 44-гадовага гамельчука. Пры ім быў балончык, прызначаны для самаабароны.

Мужчына прызнаўся, што напады з газам учыняў ён. Гамяльчук растлумачыў, што хацеў паглядзець эфектыўнасць і рэакцыю людзей на газ. 

На мужчыну пачалі крымінальную справу за асабліва злоснае хуліганства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.