Гамельчука, які выклікаў міліцыю, асудзілі на 5 сутак арышту

Нагадаем, жыхара Гомеля ​​затрымалі 25 жніўня супрацоўнікі АМАП у двары яго ўласнага дома. Прычым міліцыю, а менавіта супрацоўнікаў ДАІ, Жукоўскі сам жа і выклікаў. Грузавыя аўтамабілі з будоўлі, суседняй з яго домам, заблакавалі яму ўезд у двор, а на просьбы вызваліць праезд іх кіроўцы не рэагавалі. На выклік разам з супрацоўнікамі ДАІ прыехалі супрацоўнікі АМАП, якія пасля і затрымалі актывіста. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. 

На судзе Жукоўскі заявіў, што не парушаў парадак. Даішнік адразу ж па прыездзе запатрабаваў ад актывіста прайсці ў службовы аўтамабіль, не тлумачачы прычын. Калі Жукоўскі адмовіўся, супрацоўнікі АМАП "правялі" яго ў службовы аўтамабіль, даставілі ў Цэнтральны РАУС, а затым у ІЧУ, дзе жыхар Гомеля правёў ноч. Раніцай мусіў адбыцца суд, але яго адклалі да 28 жніўня, каб даць магчымасць Жукоўскаму знайсці адваката і сведкаў. 

Гамяльчук лічыць, што яго затрымалі знарок, каб "правучыць". Каля дома Жукоўскага чатыры гады ідзе будоўля. Актывіст лічыць, што там мноства парушэнняў, таму ён пісаў скаргі ў розныя інстанцыі, што забудоўшчык — "Цэнтр-Лізінг" парушае заканадаўства. 

Супрацоўнікі АМАП і ДАІ сцвярджалі на судзе, што папрасілі гамельчука паказаць дакументы, той адмовіўся і "спрабаваў уцячы", гэта значыць заехаць ва ўласны двор на аўтамабілі. Жукоўскі ж заявіў, што ён даў міліцыі дакументы, а менавіта пашпарт. У якасці доказу ён прадставіў суду відэазапіс. Прапанову прайсці ў службовы аўтамабіль ён назваў нематываванай і прапанаваў міліцыі разабрацца ў двары ці ў яго доме. 

Падчас судовага слухання, на этапе абвяшчэння матэрыялаў справы, у залу пасяджэння зазірнуў міліцыянер-канваір з кайданкамі ў руках, адзначае БелаПАН. Ён чакаў у калідоры, пакуль суд вынесе рашэнне, а потым правёў Жукоўскага ў службовы аўтамабіль для дастаўкі ў ІЧУ. 

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі