Галоўны трэнер салігорскага "Шахцёра" Сяргей Бароўскі падаў у адстаўку

Галоўны трэнер салігорскага "Шахцёра" 59-гадовы Сяргей Бароўскі падаў у адстаўку. Кіраўніцтва футбольнага клуба падзякавала яму за працу. Ён трэніраваў каманду са студзеня 2014 года.

Як паведамляе прэс-служба ФК "Шахцёр", выконваючым абавязкі галоўнага трэнера да канца сезона прызначылі 37-гадовага Сяргея Нікіфарэнку, які дагэтуль быў у камандзе трэнерам.

Адзначым, што "Шахцёр" не вельмі ўдала выступае ў сёлетнім чэмпіянаце Беларусі. Каманда займае толькі пятае месца, адставанне ад БАТЭ ўжо складае 11 ачкоў. У ліпені салігорцаў чакаюць гульні ў кваліфікацыі Лігі Еўропы.

Адзначым, што Сяргей Бароўскі вядомы ў мінулым футбаліст, гуляў у складзе мінскага "Дынама", чэмпіён СССР 1982 года. Выступаў за зборную СССР. На трэнерскай працы з 1989 года. Працаваў з клубамі Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Малдовы, трэніраваў маладзёжную зборную Казахстана (у 2012-2013 гадах). Двойчы (у 1994-1997 і 1999-2000) ачольваў нацыянальную футбольную зборную Беларусі.

Фота: goals.by, fcshakhter.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі