Вы тут

Галоўны прыз кінафестывалю Bulbamovie заваяваў фільм “Душы мёртвыя”

Паўгадзінная мастацкая стужка “Душы мёртвыя” Віктара Красоўскага заваявала галоўны прыз шостага фестывалю новага беларускага кіно Bulbamovie — залатую бульбіну, як найлепшы гульнявы фільм. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 22 кастрычніка ў сталічным арт-кінатэатры “Тытан”.

Найлепшай анімацыйнай стужкай журы прызнала карціну Івана Гапіенкі “Дзеці будучага спяць”. Гэтая ж праца атрымала ўзнагароду за найлепшы гук. Прыз глядацкіх сімпатый прысуджаны карціне “Вянок” Паўла Нядзведзя.

Анімацыйная стужка “Ламберсек і даярка” Анатоля Тадорскага, а таксама мастацкая карціна “Дваццацьшаснаццать” Андрэя Крывіцкага і Дзмітрыя Рахоўскага была ўганараваная спецыяльнымі прызамі журы, перадае БелаПАН.

Шосты фестываль новага беларускага кіно Bulbamovie адкрыўся ў Мінску ўвечары 21 кастрычніка. У праграму кінафоруму былі ўключаныя 24 мастацкія, дакументальныя і анімацыйныя кінакарціны. Кінафестываль быў ініцыяваны ў 2011 годзе групай беларускіх кінематаграфістаў і кінакрытыкаў як альтэрнатыва дзяржаўным кінафестывалям, якія праводзяцца ў Беларусі. Да 2014 года ён праводзіўся ў Варшаве, у 2015 годзе пераехаў у Мінск.