Вы тут

Галоўны доктар просіць людзей дапамагчы Светлагорскай лякарні грашыма

Светлагорская лякарня / ranak.me

Галоўны доктар Светлагорскай раённай лякарні Ігар Таўтын звярнуўся праз газету "Светлагорскія навіны" да кіраўнікоў прадпрыемстваў, прадпрымальнікаў і звычайных людзей. Ён просіць фінансавай дапамогі, каб купіць неабходнае абсталяванне для лякарні і правесці рамонт.

Па яго словах, рамонт неабходны, але бюджэтных грошай на яго няма. "Даводзіцца зарабляць самім. Але не так-то проста зарабіць грошы, каб палепшыць сітуацыю. Таму і працэс гэты ідзе досыць складана і крыху зацягнуўся па часе. А адсюль — нязручнасці, якія часам вымушана даводзіцца адчуваць пацыентам", — тлумачыць спецыяліст. 

Ігар Таўтын / "Светлагорскія навіны"

Лякарні бракуе сучаснага медыцынскага абсталявання. Напрыклад, лапараскапічную стойку (комплекс для хірургічных аперацый) лякарня атрымала каля 15 гадоў таму як гуманітарную дапамогу. Такое абсталявання пры аперацыі дазваляе пацыенту ўжо праз тры дні пакінуць сцены лякарні. Але гэты апарат ужо зношаны, таму з цяжкасцю вытрымлівае нагрузку і часта выходзіць з ладу. Каштуе лапараскапічная стойка 250 тысяч рублёў — нерэальная сума для лякарні. 

Патрэбныя і апараты УГД, якія каштуюць каля 60 тысяч рублёў кожны. У медыкаў Светлагорска ёсць 5 апаратаў УГД, але яны на 100% зношаныя, часта ламаюцца. А рамантаваць іх безвынікова.

Аўтапарк станцыі хуткай дапамогі складаецца з 13 аўтамабіляў, яны зношаныя на 80%. А некаторыя з іх выпрацавалі свой рэсурс на 200% і больш: аўтамабіль, які павінен служыць 5 гадоў, выкарыстоўваецца ўсе 10-12.

З абласнога бюджэту вылучаныя 150 тысяч рублёў на закупку новага рэанімабіля. Таксама 250 тысяч вылучаныя на інфарматызацыю, 100 тысяч — на супрацьпажарную сігналізацыю. Але гэта кропля ў моры, кажа Таўтын. 

Ён просіць пералічваць грошы на наступны рахунак: ВУ80 АКВВ 3642 4290 0190 6320 0000 (АСБ "Беларусбанк").