Галоўчанка незадаволены эканамічным супрацоўніцтвам з Афрыкай — экспарт меншае

Раман Галоўчанка

Раман Галоўчанка / @pul_1

Намаганні беларускага рэжыму выбудаваць палітычныя адносіны з Афрыкай не прыносяць эканамічнай выгады, прызнаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Ён сабраў у пятніцу спецыяльную нараду, прысвечаную развіццю адносін з гэтым рэгіёнам.

Па словах Галоўчанкі, "кантынент мае велізарны патэнцыял развіцця і ацэньваецца экспертамі як новы драйвер міжнароднага росту". Таму беларускія ўлады і спрабуюць выбудоўваць "шчыры і ўзаемапаважлівы дыялог з краінамі Афрыкі". Разам з тым, адкрыта заявіў прэм'ер, "назапашаны палітычны капітал пакуль не канвертуецца ў належнай ступені ў паспяховыя гандлёва-эканамічныя праекты". У 2022 годзе экспарт беларускіх тавараў у краіны Афрыкі склаў крыху больш за $200 млн. Для параўнання ў краіны ЕС, якія ў Беларусі называюць "недружалюбнымі", летась экспартавалі беларускай прадукцыі на суму 3,36 млрд долараў. А ўсяго Беларусь экспартавала летась тавараў на 38,3 млрд долараў.

Другая праблема, якую адзначыў Галоўчанка, — экспарт у краіны Афрыкі зніжаецца. Паводле яго слоў, максімальны аб'ём экспарту — больш за $400 млн — быў у дакавідным 2019 годзе. "Але нават гэтая лічба вельмі малая для кантынента з паўтарамільярдным насельніцтвам", — падкрэсліў ён. Сёлета больш чым удвая вырас экспарт паслуг у рэгіён. Але агульны паказчык усё роўна выглядае вельмі сціпла — каля $20 млн.

Галоўчанка таксама папрасіў членаў урада падчас абмеркавання пытання як нарошчваць тавараабарот з Афрыкай "пакінуць пры сабе" размовы пра санкцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі