Футбольныя зборныя Беларусі і Іспаніі могуць сыграць таварыскі матч

Зборная Беларусі па футболе можа згуляць таварыскі матч з камандай Іспаніі. Перспектывы такога паядынку абмеркавалі старшыня Беларускай федэрацыі футбола Генадзь Нявыглас і старшыня Іспанскай футбольнай асацыяцыі Анхель Марыя Вільяр Льёна. Працоўная сустрэча адбылася ў Іспаніі, паведамляе сайт АБФФ.
Разам з тым кіраўнікі асацыяцый абмяняліся меркаваннямі аб стане спраў у еўрапейскім футболе і перспектывах яго наступнага развіцця. У прыватнасці, было прынята рашэнне аб неабходнасці падпісання дамовы аб супрацоўніцтве паміж нашымі асацыяцыямі.

Плануецца, што ў хуткім часе ў Беларусь прыедзе іспанскі спецыяліст па судзействе, які пазнаёміцца з нашай сістэмай падрыхтоўкі арбітраў і наведае футбольныя матчы беларускага чэмпіянату.

У сваю чаргу ў Іспанію паедзе начальнік аддзела дзіцяча-юнацкага футбола Беларускай федэрацыі футбола для вывучэння сучасных методык працы з юнымі спартоўцамі.

Падчас камандзіроўкі ў Іспанію Генадзь Нявыглас таксама сустрэўся з прэзідэнтам футбольнага клуба "Барселона" Ханам Лапортам. Падчас сустрэчы, у прыватнасці, абмяркоўвалася будучыня Аляксандра Глеба. Спадар Лапорта адзначыў, што кіраўніцтва клуба з аптымізмам глядзіць на перспектывы беларускага футбаліста і разлічвае на яго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі