Футбольны клуб "Іслач" выйшаў у вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі

Футбольны клуб "Іслач" выйшаў у вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі

Футбольны клуб "Іслач" з Мінскага раёна атрымаў права ў 2016 годзе згуляць вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Такое права клуб заваяваў за тры туры да заканчэння чэмпіянату Беларусі па футболе сярод камандаў першай лігі.

У матчы 27-га тура чэмпіянату Беларусі "Іслач" з лікам 3:2 абыграла "Смалявічы-СТІ" і гарантавала сабе павышэнне ў класе, адзначае БелаПАН. "Іслач" набрала 60 ачкоў і ўжо не апусціцца ніжэй за трэцяе месца ў першай лізе. 59 ачкоў мае "Гарадзея", па 53 — у "Дняпра" і "Крумкачоў".

Нагадаем, у 2016 годзе вышэйшая ліга футбольнага чэмпіянату Беларусі пашырыцца з 14 камандаў да 16. Па выніках чэмпіянату 2015 года яе пакіне адна горшая каманда (сёння гэта "Гомель"), а на змену ёй прыйдуць першыя тры каманды першай лігі.

Футбольны клуб "Іслач" утварыўся ў 2007 годзе як калектыў фізкультуры. У 2011 годзе каманда стала ўладальніцай Рэгіянальнага Кубка Беларусі і атрымала права згуляць у другой лізе і адразу заняла ў ёй трэцяе месца, пасля чаго паднялася ў першую лігу. Праз два гады "Іслач" заваявала месца ў элітным дывізіёне беларускага футбола.

Фота: fcisloch.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі