Французскія зоркі пратэстуюць супраць забароны на прастытуцыю

Вядомыя французы падпісваюць петыцыю супраць таго, каб паставіць прастытуцыю па-за законам. А дакладней прымусіць тых, хто плаціць за секс, заплаціць і штраф у памеры 1500 еўра. Калі “платны секс” паўторыцца, то трэба будзе заплаціць ужо ўдвая больш.

“Без падтрымкі і заахвочвання да заняцця прастытуцыяй, мы адмаўляем крыміналізацыю тых, хто ёй займаецца, і тых, хто карыстаецца такімі паслугамі”, — гаворыцца ў петыцыі.

Сярод тых, хто падпісаўся, — вядомая актрыса Катрын Дэнёў, якая калісьці сама выканала ролю прастытуткі ў фільме “Дзённая прыгажуня”. У сваю чаргу ветэран французскай музычнай сцэны Антуан заявіў, што падпісанты згодныя наконт таго, што ўрад мусіць змагацца супраць менавіта прымусовай прастытуцыі.

Згодна з апытаннем, толькі пятая частка французаў падтрымліваюць рашэнне ўрада. У той час як статыстыка кажа, што ў Францыі ў секс-бізнесе працуюць 40 тысяч чалавек, 85% з якіх — жанчыны, а 90% — мігранты.

Вось як дэпутат-сацыяліст Мод Аліўе некалькі месяцаў таму тлумачыла сутнасць закона:

“Закон мае на мэце знізіць гвалт у адносінах да прастытутак і давесці да свядомасці, што плаціць за сексуальныя паслугі не з’яўляецца прымальным. Мы мусім знішчыць думку, што прастытуцыя шчаслівы гандаль”.

Першай краінай Еўропы, дзе з тых, хто плаціць за секс-паслугі, зрабілі злачынцаў, стала Швецыя, яшчэ ў 1999 годзе. Праз дзесяць гадоў высветлілася, што колькасць вулічных прастытутак у гэтай краіне ў тры разы меншая, чым у суседніх Даніі і Нарвегіі.

“У Швецыі прадаваць секс законна, і прастытуткі могуць зарэгістравацца, каб плаціць падаткі. Але пакупка іх паслуг — па-за законам. Таму кліенты рызыкуюць атрымаць штраф альбо арышт да 6 месяцаў”, — апісвае парадоксы шведскага заканадаўства Bloomberg.

Магчыма, паглядзеўшы на прыгожую статыстыку шведаў, падобны закон у 2008-м прынялі і ў Нарвегіі. Нават кара падобная: штрафы альбо турма на паўгода. Хутка да краін, што забаранілі плаціць за секс, далучылася і Ісландыя, толькі тут максімальная кара ўжо даходзіць да года турмы.

Варта сказаць, што французскія ВІПы, якія сцвярджаюць, што крыміналізацыя прастытуцыі зробіць секс-індустрыю больш жорсткай і падпольнай, у чымсьці маюць рацыю. У той жа Нарвегіі журналісты зрабілі эксперымент і спакойна змаглі дамовіцца наконт секс-паслугаў, паказаўшы тым самым, што закон не працуе. Пасля гэтага нарвежскі кансерватыўны дэпутат Андрэ Актай Даль нават заклікаў яго адмяніць.

Фота: mcpotar.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі