Фотамастачка Вольга Савіч пакажа Мінск праз цені і расколіны ў сценах

“Скарбонка часу” ― гэта фрагменты архітэктуры Мінска, але без пафасных пабудоў “сталінскага ампіру”. “Скарбы” Вольгі — гэта тое, што звычайна ўхіляецца ад позірку: цені, расколіны, нечаканыя спалучэнні форм ды фактур. Мастачка лічыць, што на здымках прысутнічае канкрэтны горад, але няма прыкметаў канкрэтнага часу. Гэта могуць быць і 70-я, і 90-я гады, а можа, і 2040-я.

“На мой погляд, гэтая выстава вельмі жывая, ― каментуе Еўрарадыё куратар выставы Ірына Герасімовіч. ― Яна паказвае тое, што было на той момант, калі Вольга рабіла гэтыя фотаздымкі, і чаго цяпер ужо няма. І тое, што вы ўбачыце на іх, можна насамрэч назваць скарбамі. Гэта тыя скарбы, якія мы не заўважаем у звычайным жыцці: нейкія шчыліны, драпіны, плямы на камянях. Здавалася б, што тут можа быць цікавага? А ў гэтым і ёсць якасць жыцця ― усё змяняецца , бяжыць і цячэ. І каб злавіць  гэты момант, мне здаецца, трэба валодаць вельмі тонкім успрыняццем як мастаку, так і гледачу”.

У 2010 годзе “Скарбонку часу” ужо паспелі паглядзець у французскім горадзе Арль ды ў літоўскай сталіцы ― Вільні. Выстава пройдзе ў музеі сучаснага мастацтва з 7 па 24 жніўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі