Фотакарткі Led Zeppelin дапамогуць бразільскім дзецям

У Аўстраліі адкрываецца цікавая фотавыстава, прысвечаная легендарным Led Zeppelin. Яе экспазіцыю складуць раней не вядомыя шырокай публіцы фотакарткі гурта, якія выпадкова знайшоў у 2005-м годзе канцэртны фатограф Тэд Харві ў сваім архіве.

Харві здымаў выступ Led Zeppelin у сіднейскай канцэртнай зале Showground падчас аўстралійскага турнэ калектыву ў 1972-м годзе. Пра існаванне гэтых здымкаў ён узгадаў толькі тады, калі яму прапанавалі скласці рэтраспектыву сваіх фотакартак эпохі 70-х.

Паводле словаў Тэда Харві, з той сесіі засталося каля ста выдатных здымкаў, якія цалкам адлюстроўваюць канцэртную моц Led Zeppelin.

Перад тым як паказаць фотакарткі публіцы, фатограф даслаў іх копіі ўдзельнікам гурта - Джымі Пэйджу, Роберту Планту і Джону Полу Джонсу, якія высока ацанілі яго працу.

Напрыклад, Роберт Плант мяркуе, што ў гэтай падборцы ёсць лепшыя сцэнічныя здымкі Led Zeppelin за ўсю гісторыю гурта.

Дадам, што выстава Тэда Харві адкрыецца 19 студзеня ў сіднейскай галерэі S.H. Ervin Gallery.

Фатограф спадзяецца, што гэтая экспазыцыя прыцягне дадатковую ўвагу да акцыі Rockphoto Aid, мэтай якой з'яўляецца збор сродкаў у дапамогу дзецям з бедных бразільскіх сем'яў, вымушаным змагацца за сваё выжыванне ў сумна вядомых "фавелах".

Фота: www.liveinternet.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі