Форма не змянілася, сэнс — так: што з сябе ўяўляе УНС у 2023 годзе

"Гаворка ідзе пра спробу замяніць выбаршчыкаў — грамадзян краіны — на вось гэты УНС" / БЕЛТА
"Гаворка ідзе пра спробу замяніць выбаршчыкаў — грамадзян краіны — на вось гэты УНС" / БЕЛТА

Усебеларускі народны сход зробіцца органам для транзіту ўлады Лукашэнкі. Такія пазітыўныя прагнозы можна было пачуць ад экспертаў у 2021-м годзе. Час мінае, аднак сур'ёзных зменаў у палітычнай мадэлі Беларусі так і не адбылося.

Што можна сказаць сёння пра гэты орган, яго мэтазгоднасць і будучыню? На гэтыя пытанні Еўрарадыё адказала незалежная экспертка Роза Турарбекава.

"Ну, з гледзішча кантэксту прыняцця рашэнняў, вядома, сітуацыя змянілася кардынальна ў 2021-м годзе, калі гаворка зайшла пра тое, што неабходна ўзмацніць УНС. Тады сітуацыя была зусім іншай. І пад гэтым меўся на ўвазе праект транзіту ўлады і абмежавання ўлады прэзідэнта — як фармальна, так і нефармальна. Відавочна, гэтыя размовы ішлі, бо ўсё яшчэ захоўвалася пагроза працягу пратэстаў. Яны яшчэ заставаліся пад такім уражаннем і не былі ўпэўненыя, што гэта не паўторыцца".

Паводле слоў Турарбекавай, наратывы 2021-га ўжо неактуальныя: “Рэпрэсіўная машына працуе штосілы, на поўную магутнасць, вельмі шмат людзей з'ехала, многія пасаджаныя, велізарная колькасць палітвязняў і, вядома, вайна. Таму ні пра якое абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта альбо транзіт улады гаворкі ўжо не ідзе. Мабыць, цяпер яны спрабуюць выкарыстоўваць гэтую ідэю, але ўжо зусім у іншым ключы, замяняючы уласна народ на УНС. Гэта пра ідэю наконт таго, каб ладзіць выбары прэзідэнта наўпрост праз УНС.

Цяпер мы ўспрымаем УНС ужо зусім па-іншаму: не як орган, закліканы абмежаваць уладу прэзідэнта, а як орган, які ў нейкім сэнсе рэстаўруе савецкія парадкі. Гэта значыць, цяпер часта параўноўваюць УНС са з'ездамі КПСС або са з'ездамі народных дэпутатаў. Я б больш, напэўна, нават параўноўвала з тым, што ёсць у Кітаі, дзе выбіраецца кіраўнік Кітая".

Форма органа не памянялася, але сэнс, які ўкладалі ўлады, вельмі моцна змяніўся, працягвае экспертка:  

"Гэта хутчэй адлюстроўвае кансервацыю парадкаў, узмацненне дыктатуры, пераход ад аўтарытарнага рэжыму да таталітарнага і, я літаральна думаю, што гаворка ідзе пра спробу замяніць выбаршчыкаў — грамадзян краіны — на вось гэты УНС. Цяпер будзе УНС, які пачне вызначаць асноўныя напрамкі ўнутранай і замежнай палітыкі. І ўсё гэта носіць характар тэрапіі пасля 2020-га года".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі