ФК "Дынама-Мінск" аб'явіў пра прызначэнне новага галоўнага трэнера

ФК "Дынама-Мінск" аб'явіў пра прызначэнне новага галоўнага трэнера. Як і чакалася, ім стаў 51-гадовы Раман Піліпчук. Ён — ураджэнец горада Снежнае Данецкай вобласці Украіны. У 1988-2003 гадах як футбаліст выступаў за каманды Украіны, Расіі, Ізраіля. Трэнерскую кар'еру пачаў у 2003-м. Быў старшым трэнерам маскоўскіх "Дынама" і "Спартака", "Крыўбаса", "Зары", "Шынніка", нацыянальнай зборнай Таджыкістана. Працаваў галоўным трэнерам кішынёўскай "Дачыі", данецкага "Алімпіка", юрмальскага "Спартака", маладзёжнай зборнай Таджыкістана. Апошні яго клуб — грозненскі "Ахмат", у якім ён з 2018-га да нядаўняга часу быў старшым трэнерам.

Прэс-служба клуба адзначае, што поўны склад новага трэнерскага штабу стане вядомы ў бліжэйшы час.

У апошнія два сезоны з мінскім "Дынама" працаваў Сяргей Гурэнка. У пачатку студзеня 2019 года кіраўніцтва клуба паведаміла яму, што кантракт не будзе працягнуты.