ФК Дарыда: У нас не засталося ніводнага футбаліста

Сталічны футбольны клуб мае намер спыніць існаванне? Футбольны клуб "Дарыда" могуць не дапусціць да ўдзелу ў чэмпіянаце Беларусі ў першай лізе. Дысцыплінарны камітэт Беларускай федэрацыі футбола хадайнічае пра гэта перад выканкамам БФФ, паведамляе БЕЛТА.

Клуб абвінавачваюць у парушэнні рэгламенту і дысцыплінарнага кодэксу. У мінулым сезоне “Дарыда” ў знак пратэсту супраць несправядлівага, на яе думку, судзейства байкатавала матч з мікашэвіцкім "Гранітам". За гэта камандзе залічылі тэхнічнае паражэнне, клуб быў аштрафаваны.

Дырэктар “Дарыды” Яўген Шабуня ў размове з Еўрарадыё выказаў меркаванне, што Федэрацыя футбола не мае права не дапускаць клуб да ўдзелу ў чэмпіянаце.

Яўген Шабуня:“Нас за гэта ўжо пакаралі. За адну гульню… Вось за дзве гульні каманду сапраўды здымаюць. Няхай чытаюць рэгламент”.

Яўген Шабуня
быў днямі ў федэрацыі. Паводле яго слоў, ад каманды патрабуюць 26 мільёнаў рублёў унёскаў. Аднак плаціць клуб не збіраецца.

Яўген Шабуня: "Яны сказалі, што мы павінны заплаціць унёскі 26 мільёнаў. Я ім адказаў, што ўнёскі, як сказаў Дзялендзік (кіраўнік клуба — заўв. рэд.), няхай аплацяць тыя суддзі, якія скралі ў нас 9 ачкоў. Яны забілі каманду, нехта ім яшчэ ўнёскі будзе плаціць?. Таму яны сказалі, калі мы не заплацім унёскі, яны закрыюць нам трансфернае акно на продаж. Але ў нас прадаваць ужо няма каго”.

Паводле слоў Шабуні, у клуба ўжо не засталося ніводнага футбаліста, таму санкцыі федэрацыі іх не пужаюць.

Яўген Шабуня:“Няхай яны, што хочуць, тое і робяць. У нас ужо няма футбалістаў, мы ўсіх раздалі па іншых клубах”.

Выглядае на тое, што клуб “Дарыда” зусім спыніць сваё існаванне. Летась быў прададзены стадыён каманды, цяпер сышлі ўсе гульцы. Аднак канчатковае рашэнне будзе прымаць кіраўнік клуба Ўладзімір Дзялендзік, які пакуль знаходзіцца ў ад’ездзе.

Фота з афіцыйнагасайта ФК "Дарыда"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі