У расійскай ракеце "Арэшнік" каля 100 беларускіх кампанентаў — дарадца Зяленскага

Ракета "Арэшнік"

Ракета "Арэшнік" / digirpt.com

Балістычная ракета "Арэшнік" амаль цалкам вырабляецца з кампанентаў расійскай і беларускай вытворчасці. Пра гэта паведаміў дарадца прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк, перадае РБК-Украіна.

У гэтай ракеце налічваецца больш за 1000 кампанентаў вытворчасці РФ і каля 100 кампанентаў зробленыя ў Беларусі.

Уласюк прадэманстраваў журналістам абломкі "Арэшніка"і крылатай ракеты "Бандэроль". Ён падкрэсліў, што асноўная частка вырабленая ў 2023-2024 гадах, але ёсць і 2025 год. На яго думку, гэта азначае здольнасць РФ выпускаць ракеты "Арэшнік" ва ўмовах санкцый практычна без замежных камплектуючых — толькі з тых, што вырабляюць у РБ і РФ.

Украінскія эксперты вызначылі сорак расійскіх і два беларускія прадпрыемствы, якія ўдзельнічалі ў вытворчасці "Арэшніка". З беларускіх — завод "Інтэграл" ужо трапіў пад санкцыі, а наконт завода "Транзістар" (гэта вытворца паўправадніковых прыбораў і інтэгральных мікрасхем, уваходзіць у склад холдынгу "Інтэграл") Украіна будзе рыхтаваць санкцыйныя прапановы.

Паведамляецца, што сёлета расійская армія выпусціла па Украіне тры з чатырох "Арэшнікаў", вырабленых у 2025 годзе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.