ФК БАТЭ: Несумленныя барысаўчане пераправілі частку білетаў у Пецярбург

Футбольны клуб БАТЭ распаўсюдзіў зварот да сваіх балельшчыкаў, у якім не толькі падзякаваў ім за падтрымку ў матчы з "Зенітам", але і ўзняў праблему перапродажу білетаў.
Як адзначаецца ў звароце, "фанатаў расійскай каманды на стадыёне было значна болей, чым ім было выдзелена білетаў і прапускоў у адпаведнасці з міжклубным пагадненнем". Прычым, значная іх частка з'явілася ў тых сектарах стадыёна "Дынама", білеты на якія (9 тысяч) прадаваліся ў Барысаве.

ФК БАТЭ са шкадаваннем канстатуе факт, што замест чаканых балельшчыкаў каманды на трубунах здзіўленыя футбалісты і трэнеры пабачылі фанатаў "Зеніта". "Гэта значыць, што значная частка білетаў відавочна не без дапамогі несумленных барысаўчан была перапраўленая ў Санкт-Пецярбург", - робіцца выснова ў звароце.

Цікава, што балельшчыкі "Зеніта" патрапілі нават у ложы, прапускі ў якія кіраўніцтва ФК БАТЭ "выдзяляла спонсарам, партнёрам і блізкім да клуба людзям".

Такую сітуацыю, звязаную з перапродажам білетаў, ФК БАТЭ называе "подлым ударам у спіну". Клуб абяцае ўжыць шэраг захадаў, каб падобныя сітуацыі больш не ўзнікалі. Яны могуць быць розныя: павышэнне цаны на білеты, узмоцнены кантроль за іх распаўсюдам, выкарыстанне спецыяльных тэхнічных сродкаў, абмежаванне колькасці білетаў для распаўсюду ў Барысаве. Ужо 25 лістапада на мінскім стадыёне "Дынама" адбудзецца матч Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і мадрыдскім "Рэалам".

Нагадаем, што паводле звестак мінскай міліцыі, на матчы БАТЭ - "Зеніт" 5 лістапада прысутнічалі каля 4800 расійскіх балельшчыкаў. Аднак, паводле іншых крыніц, іх было значна болей. Напрыклад, "Інтэрфакс" паведамляе пра 2,5 тыс. фанаў "Зеніта" ў гасцявых сектарах, і, як мінімум, 4 тыс. па ўсіх трыбунах стадыёна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі