Вы тут

Фільм пра валанцёраў BYCOVID19 даздымуць — ён будзе прысвечаны загінулым аўтарам

Максім Гаўрыленка, Уладзімір Міхайлоўскі і Любоў Зямцова / “Настоящее время”

Дакументальны праект "Невядомая Беларусь", які вясной 2020-га выходзіў на канале "Настоящее время", будзе працягнуты. Яго вытворчасць абарвалася на фільме пра валанцёраў з ініцыятывы #BYCOVID19, якія дапамагалі беларускім медыкам у разгар пандэміі каранавіруса. Здымачная група карціны загінула ў аўтакатастрофе.

Канал пачаў пошук новых аўтараў і ідэй для будучых выпускаў. Праект будзе прысвечаны памяці загінулых дакументалістаў. Пра гэта Еўрарадыё расказала прадзюсар канала "Настоящее время" Наталля Аршаўская.

"Мы гаварылі з сябрамі-кінематаграфістамі пра тое, што мы хацелі б пачуць ідэі фільмаў, якія былі б падобныя па духу на тое, што рабілі хлопцы і дзяўчаты. Аднак у мяне няма пакуль ніводнай заяўкі. Аднаўленне праекта пакуль што на вельмі ранняй стадыі. Гаворка ідзе пра восень, прычым нават не пра верасень", — сказала Наталля Аршаўская.

"Невядомая Беларусь" — гэта серыя дакументальных фільмаў пра жыццё нашай краіны. Над праектам працавалі рэжысёры Любоў Зямцова і Уладзімір Міхайлоўскі, гукааператар Максім Гаўрыленка. 15 траўня аўтамабіль, у якім яны вярталіся са здымкі, трапіў у аварыю ў Пухавіцкім раёне. Міхайлоўскі і Гаўрыленка загінулі на месцы здарэння, Зямцова трапіла ў рэанімацыю. Медыкі некалькі дзён змагаліся за яе жыццё, але выратаваць не змаглі.

Апошняй работай здымачнай групы стала стужка "Мінск — адкрыты горад" пра тое, як мінчукі спрабуюць не заўважаць каранавірус і жыць звычайным жыццём.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.