Фігуранта "справы Ціханоўскага" Арцёма Сакава перавялі ў турму

Арцём Сакаў / TUT.BY

Палітвязня Арцёма Сакава — фігуранта "справы Ціханоўскага" — перавялі ў Магілёўскую турму, паведамляюць праваабаронцы. Рашэнне аб узмацненні рэжыму было прынята 9 лістапада падчас судовага пасяджэння.

Сакаў — былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-канала "Страна для жизни". Яго абвінавачвалі па чатырох артыкулах КК: у арганізацыі масавых беспарадкаў; арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак; перашкодзе ажыццяўленню выбарчых правоў; а таксама ў распальванні варожасці. У мінулым снежні суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 16 гадоў пазбаўленне волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываць пакараньне яго накіравалі ў Шклоўскую калонію.

У жніўні, як даведаліся праваабаронцы, адміністрацыя калоніі змясціла Арцёма ў ПКТ тэрмінам на чатыры месяцы. У пачатку лістапада адбыўся яшчэ адзін суд. Фігурантаў "справы Ціханоўскага" абавязалі выплаціць новую кампенсацыю міліцыянтам — 22 мільёны рублёў (гэта каля 9 мільёнаў даляраў ЗША). Гэтая сума, на думку суда, пойдзе на выплаты "супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў". Праваабаронцы тады нагадвалі, што на момант паслявыбарчых пратэстаў усе фігуранты ўжо знаходзіліся ў зняволенні. Яны былі затрыманыя ў траўні-чэрвені 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.