Фестываль Stare Misto: фотарэпартаж Еўрарадыё

Двухдзённы фэст збірае 12 гуртоў і каля 20 тысяч гледачоў з Украіны, Беларусі, Расіі і астатняй Еўропы. Распачынае фестываль на алімпійскім стадыёне "Україна" гурт Epolets, які не так даўно можна было пабачыць і ў мінскім "Графіці". Шматлікія беларусы, якія прыехалі ў Львоў, пазнаюць "Эпалеты", але не моцна імі цікавяцца. Вядома, думкі занятыя іншым: ўсяго праз паўгадзіны на сцэне чакаюцца "Ляпісы". 

 
 
 
Сакральны для беларусаў сэт не псуе нават надвор'е: літаральна з першых акордаў класічнай "К вам приехал Трубецкой" над стадыёнам пачынаецца навальніца. Сяргей Міхалок падбадзёрвае натоўп са сцэны, канстатуючы: "На стадыёне ж няма Басцінды ці Гінгемы, няма ведзьмы, якая баіцца загінуць ад вады!" Але і без гэтага мілага клопату народ апантана танчыць.
 
 
Пасля сэту беларусы таксама не губляюцца: некаторыя з іх прызнаюцца, што чакаюць Горана Брэгавіча, іншыя ўжо пачынаюць маральна рыхтавацца да "ДДТ", якія мусяць завяршаць наступны фестывальны дзень.
 
 
Тым часам, на фэсце наступае час замежнікаў: іспанцы Che Sudakka запальваюць натоўп сумессю лаціны ды хіп-хопа, брытанцы Archive суцішаюць трып-хопам.
 
 
 
Наступныя удзельнікі, праект Крыса Корнэра IAM{X}, на сцэну піўнога свята выходзяць з віном ды вялікім букетам сініх кветак. Ужо праз пяць хвілін сэта робіцца зразумела, чаму арганізатары не толькі прабачаюць гурту гэтае нахабства, але і запрашаюць яго на Stare Misto ажно ў трэці раз: шоу ў музыкаў выбітнае. Праект, заяўлены як сольнік Крыса, насамрэч, глядзіцца як самы арганічны калектыў на фестывалі. Музыкі пастаянна змяняюць інструменты, клавішніцы раптоўна робяцца басісткамі, саліст падыгрывае бубначу на пустым піўным кегу. Здаецца, немагчыма, каб публіка шалела ячшэ больш, але наступным грае Горан Брэгавіч.
 
 
 
 
Увогуле, цяжка ды бессэнсоўна вызначаць, хто з хэдлайнераў "Stare Misto" усё ж самы круты, але можна дакладна сказаць, што толькі Брэгавіч здолеў паўтары гадзіны кіраваць стадыёнам, ніводнага разу не ўстаўшы з крэсла. 
 
 
 
Галоўнае пытанне наступнага дня — хто ўсё ж хэдлайнер: "ДДТ" ці Kaiser Chiefs. Сэрцы журналістаў Еўрарадыё падаюць, калі падчас пафаснага выхаду "Кайзераў" на сцэну пад славуты трэк "Another Brick in the Wall. Part II" дзяўчаты з першых шэрагаў разгублена перапытваюць: "Це що, іх пісня?"
 
 
Але пасля выступу брытанцаў у шэрагах іх фанатаў на стадыёне прыбывае. Kaiser Chiefs аддаюцца наведвальнікам напоўніцу: Рыкі Уілсан за час сэту паспявае адспяваць усе старыя баевікі сваёй каманды, прэзентаваць новую песню, скокнуць у натоўп ды забрацца на асвятляльную рампу, а калі час заканчваецца…Вяртаецца на цялежцы для апаратуры і грае яшчэ паўгадзіны. Юры Шаўчуку застаецца толькі нервова перамінацца на суседняй сцэне...
 
 
 
Тым не менш, легенды рускага року нават у рэакцыйным Львове знаходзяць сваю нішу: пад іхнія песні адкрываюцца заслоны паміж дарагой і таннай фанзонамі, украінцы здаюць маскалям пароль да уваходу ў бар "Криївка" і ў адзіным парыве ўсе спяваюць старую-новую-вечную песню "Це все, що залишиться після мене". Такая вось гісторыя пра тое, што сяброўства, музыка ды піва заўсёды перамагаюць.
 
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі