Фэст SummerJam у Кёльне: рэгі з ямайцамі і без

“Тут такая інтэрнацыянальная тэма — усе разам, усе сябры, усе маны, ўсе фрэнды, усё добра,” — дзеліцца ўражаннямі ад фестывалю SummerJam блакітнавокая беларуска Шуня. Яна прыехала на фэст з бел-чырвона-белым сцягам і прымушае кідаць цікаўныя позіркі ў свой бок. У яе і яе сябра Мікалая — канкрэтная задача на фэсце (акрамя той, каб пабыць першымі беларусамі ў сэрцы еўрапейскай рэгі-тусоўкі):
 
“У нас ёсць свой гурт High Talk, малады, таленавіты і, спадзяемся, вельмі перспектыўны. Вось, прыехалі набрацца досведу”.
 
 
Досвед — штука нятанная. Давялося трэсціся 40 гадзінаў у еўра-басе, але гэта ж “не ў Амерыку і не на Ямайку”. Таму прымальна, тым больш што такога ў Беларусі, багатай толькі на два маленечкія рэгі-фэсты, не знойдзеш. 
 
“Ды няма такога ў Беларусі, — кажа Мікалай, ён жа бубнач вышэйузгаданага гурта High Talk. — Я шчыра здзіўлены маштабамі гэтага фэсту. Колькі людзей згуртавана ў адным месцы!”
 
Колькі — вядома: 30 тысячаў наведвальнікаў! Фестываль ужо некалькі год збірае менавіта такую колькасць прыхільнікаў, і планаў разрастацца няма. Інакш азёрная выспа, на якой месціцца фэст, патоне.
 
 
Што прываблівае ўсіх гэтых 30 тысяч людзей? Жывыя канцэрты з рэгі, гарачыя начныя танцы на Dancehall-пляцоўцы, вялікі кірмаш з афрыканскімі гаджэтамі, шмат смачнай рознанацыянальнай ежы, кактэйлі і піва, легалізаванае паленне марыхуаны на тэрыторыі фэсту(!). А ў дадатак — выгадная лакалізацыя на возеры, у якім чыстая вада і дазволена купацца. Нават калі ты не самы заўзяты фан рэгі, можаш проста прыехаць, паставіць намёт і давацца дзіву, якія альтэрнатыўныя рэальнасці існуюць у гэтым свеце.
 
 
“Вы мусіце быць тут, каб зразумець фішку гэтага месца, — кажа адзін з такіх “залётных” наведвальнікаў з Брытаніі, якога мы сустракаем а шостай раніцы каля імправізаванага канцэрта ля намётаў. — А менавіта: свабоду, еднасць, магчымасць быць самім сабой. Гэта лепшы бок гэтага фэсту, сапраўды. А яшчэ ўсе растаманы любяць казаць мэсэджамі, таму калі ты заблытаўся ў жыцці, 4-гадзінная размова з растай лёгка наставіць на правільны шлях”.
 
 
Са сцэны таксама валяць мэсэджы: хто спявае пра любоў, хто пра палітыку, але самае цікавае, што робяць гэта далёка не адны ямайцы. На буйной “Red Stage” (адной з дзвюх канцэртных пляцовак фэсту) шматтысячны натоўп качаюць, напрыклад, немец Gentleman, італьянец Alborosie, ізраілец Matisyahu, амерыканец Snoop Lion (ён жа былы Snoop Dog), афра-немец Patrice. Усе тыя “дзеці рэгі”, якія жыццё прысвяцілі даследаванню не сваёй культуры, і як вынік — арганічна ўліліся ў рэгі-працэс і нават здабылі павагу і аўтарытэт у сапраўдных растаманаў.
 
“У Gentelman крыху іншы ад каранёвага рэгі вайб, але вельмі цікавы, — кажа галандскі афрыканец Тарык. — А Patrice я чуў упершыню, у яго, аказваецца, такія моцныя тэксты, я абавязкова набуду ягоны новы альбом [The Rising of the Son. — Заўв. Еўрарадыё]”.
 
Тарык дадае, што ведае таксама пра вялікую колькасць рэгі-камандаў з Усходняй Еўропы і Расіі, і шкадуе, што ніхто з іх не выступае на SummerJam.
 
 
“Людзям, якія займаюцца прасоўваннем рэгі-культуры ў Беларусі, проста неабходна знаёміць слухачоў з фэстамі, якія праходзяць у Еўропе, — разважае, як можна ўліцца ў сусветны рэгі-працэс, Шуня, якая толькі што дамовілася з трыма вясёлымі афрыканцамі, што тыя падкінуць яе на машыне да Амстэрдаму. — А яшчэ я зразумела, што, калі хачу працягваць спяваць рэгі, то лепш гэта рабіць неяк па-свойму, з адлюстраваннем майго беларускага выхавання. Бо пасля гэтага фэсту я для сябе даказала, што лепш за людзей з асаблівым колерам скуры я ўсё роўна не заспяваю”.
 
Дарэчы, пра колер скуры. На фестывалі ўсё зроблена для таго, каб паспрыяць міжнацыянальнай еднасці. Але да яе спачатку трэба прызвычаіцца, нават талерантнай галаве.
 
 
“Калі я першы раз наведаў SummerJam, то крыху параноіў, бо так шмат “чорных” навокал, — прызнаецца Еўрарадыё брытанец, які кліча нас на “развітальны джойнт”. — Ну ведаеце, гэта ўсё ідзе са стэрэатыпаў. Я зусім не такі чалавек, які заганяецца па гэтых тэмах, але ўсё роўна падазраваў, што нешта можа адбыцца. Але нічога падобнага. Я не пабачыў ніводнай дрэннай сітуацыі”.
 
Раста-афрыка-маны са свайго боку мусяць прызвычайвацца да “звычайных” наведвальнікаў. У сэнсе, да еўрапейцаў, якія прыязджаюць на фэст проста патусіць.
 
“Так, гэта крыху забаўна глядзець на гэтых людзей, — кажа ўжо наш “бро” на ўсё жыццё Тарык і дорыць торбу з надпісам “Jah Army. Peace and Unit”. — Але вельмі прыемна, што людзі спрабуюць зразумець іншыя культуры, што яны адкрытыя. Дарэчы, next year — the same place!”.
 
 
Бразэрз і сістарс, не забывайцеся, лета яшчэ не скончанае, і наперадзе яшчэ гіперскачкі ў электронныя, рокавыя і этнічныя фестывалі (10 еўрапейскіх фэстаў, на якія паедзе (і раіць паехаць) Еўрарадыё). А калі прагнеце рэгі, то раім гайд ад нашых калегаў з Reggaeville, там напісана пра 50(!) еўрапейскіх рэгі-фэстаў. Не спыняемся даследаваць лепшыя сусветы. Усім Peace і One Love!
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі