Фэст “Навальніца”: Ляпісы праспявалі задарма і спалілі 20 тысяч долараў

Арганізатар фестывалю Ўладзімір Шаблінскі і кіраўнік аргкамітэта Ігар Сідаровіч прызналіся Еўрарадыё, што ўбачаць свой фэст толькі сёння ўвечары, а таксама распавялі пра кошты шоў і пра здарэнне, якое стала аб’ектам жартаў супрацоўнікаў ДАІ
Першы беларускі фестываль феерверкаў — “Навальніца” — стаў ці не самай гучнай падзеяй гэтага музычнага года. Па падліках арганізатараў праз яго прайшло каля 40 тысяч людзей і гэта стала неспадзяванкай для іх саміх. Таму што 40 тысяч гледачоў у Беларусі дагэтуль не збіраў нават футбол!

“Я не чакаў такую вялізную колькасць людзей, таму што сёлета ўжо адмяняліся некаторыя буйныя мерапрыемствы. Гэта мяне насцярожыла. Тым больш, што лета ў нас багатае дажджамі. Таму, я хваляваўся, што народ не прыйдзе. Але больш за колькасць гледачоў мяне здзівіў той факт, што амаль ўсе прыехалі на ўласным транспарце. Хаця мы стварылі адмысловы аўтобусны маршрут”, — кажа Ўладзімір Шаблінскі.

Арганізатары скардзяцца, што самі не здолелі ўбачыць феерверкі і паслухаць музыку. Маўляў, толькі сёння пабачаць тое, што нарабілі, па тэлебачанні.

Уладзімір Шаблінскі: “Я толькі крануўся вухам саўндчэка, а на працягу фестывалю літаральна жыў на Віцебскай трасе з супрацоўнікамі ДАІ,спрабуючы вырашыць транспартныя праблемы. Карацей, назіраў за фестывалем здалёк, але разумею, што для іншых гэта было шыкоўнае відовішча”.

Ігар Сідаровіч: “Але, дзякуючы тэлеканалу АНТ, мы сёння ўвечары маем шанец убачыць тое, што нарабілі! Спакойненька сесці… прыхапіць да тэлевізара куфлік піва… І ўбачыць, як гэта было”.

Кажуць, нібыта арганізатары фестывалю так абагаціліся за кошт вялізнай колькасці людзей, што здолелі заплаціць гурту “Ляпіс Трубяцкой” 20 тысяч долараў.




Шаблінскі: “Не. Гэта не праўда, ха-ха-ха! Дзякуй Богу, “Ляпісы” ўзгадалі ўсё, што я рабіў для іх раней і пагадзіліся выступіць, як і ўсе астатнія гурты, бясплатна”.

Сідаровіч: “Але, калі падлічыць кошт піратэхнічнага шоў, то “Ляпісы” сапраўды каштавалі 20 тысяч долараў! Выкарыстанне тых спецэфектаў, якія працавалі падчас выступу гурта “Ляпіс Трубяцкой” каштуюць нармальныя грошы”.

Піратэхнікі таксама працавалі без ганарараў, бо самі зарады каштавалі ўжо добрых грошай.

“Звычайна, каманды мусяць пабудаваць свой выступ па адмысловай праграме, якую ім прапаноўвае журы. Гэта альбо калібр, з якім прыйдзецца працаваць, альбо спецыфічны набор тэхнікі, альбо ёсць коштавыя абмежаванні. Напрыклад, не даражэй за 20 тысяч долараў.

Кожная каманда павінна была запоўніць пэўную тэрыторыю ў паветры і працаваць на трох узроўнях: ніжні, сярэдні і вышэйшы, а таксама “намаляваць” пэўныя геаметрычныя фігуры, якія б сінхронна рухаліся адпаведна абранаму музычнаму трэку. Сёння я, нарэшце, пабачу гэта па тэлебачанні”, — усміхаецца Ігар Сідаровіч.

Ніякіх крытычных момантаў на “Навальніцы” не было. Ніхто не пабіўся, нічога не пашкодзілі і не стварылі ніводнага ДТП. Гэта пры такой вялікай колькасці людзей.

“Самым “крытычным” быў эпізод, калі ў аўтамабільным корку ў аднаго з кіроўцаў “здалі нервы” і ён, на капоце машыны, якая стварыла гэты корак, напісаў слова “Х…Й”. Лічу, што гэты раззлаваны кіроўца меў рацыю. Зразумела, што кожны хацеў трапіць на выступ “Ляпісаў” і дарога не змясціла ўсіх жадаючых.

Гэтае здарэнне было аб’ектам жартаў і арганізатараў, і супрацоўнікаў ДАІ. Дзякуй Богу, гэта было самае “сур’ёзнае” непаразуменне падчас фестывалю”, — кажа Шаблінскі. І дадае, што “Навальніца” працягнецца ў наступным годзе:

“Паўгадзіны таму мы прыехалі з Лагойску, дзе абмяркоўвалі вынікі фестывалю. У наступным годзе “Навальніца” зноў адбудзецца ў апошнія выхадныя жніўня”.

Фестываль крыху звузіцца: замест трох дзён шоў будзе два. Але ж колькасць піратэхнічных каманд павялічыцца, бо сёлета гэта мела вялікі поспех!



Музычная частка фэсту таксама зменіцца: на “Навальніцу” будуць запрашаць расійскіх хэдлайнераў, а беларускіх гуртоў будзе менш, тлумачыць Уладзімір Шаблінскі:

“У нас будзе два дні фестывалю, таму мы падзелім яго на дзве сцэны. Гэта музыка для больш шырокага кола аматараў піратэхнічных шоў, якія прыйдуць паглядзець на феерверкі. Таму рок музыка ім папросту не патрэбная. Мы запросім больш эстрадных выканаўцаў. А на другі дзень будуць граць ужо больш альтэрнатыўныя гурты. Мы хацелі б пашырыць аўдыторыю і даць магчымасць кожнаму знайсці для сябе камфортны адпачынак”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі