Фэны The Toobes адправілі любімы гурт за мяжу

Як Еўрарадыё разыграла прыхільнікаў The Toobes, і як адбыўся чарговы супер-канцэрт гурта чытайце і глядзіце тут. Самы “слэмавы” гурт Беларусі – The Toobes – парадаваў сваім чарговым трыумфальным канцэртам, які сабраў каля 800 чалавек.

Свой выступ The Toobes пачалі як мацёрыя зоркі – спазненнем на 40 хвілін, падчас якіх прыхільнікі гурта неаднаразова верашчалі і выклікалі хлопцаў на сцэну. Дарэчы, сама сцэна “Рэактара” ўяўляла сабою тэатр аголеных манекенаў жаночага і мужчынскага полу, якія стаялі ў неадназначных позах. Прысутнасць на сцэне манекенаў выклікала шэраг асацыяцый: можна было ўявіць сабе імклівасць музычнага парыву, драйву і экспрэсіі, і спыненне часу, з якім асацыіруецца постаць манекена. Супрацьстаянне статыкі і руху, карацей…

 На заканчэнне канцэрта была запланавана фішка, якая тлумачыла сувязь манекенаў і “тубсаў”: музычны экстаз у момант зрываўся, музыкі заміралі на сваіх месцах і ператвараліся ў тых жа манекенаў. Аднак, фішка не ўдалася: моладзь, якая дурэла ад магчымасці слэму, натоўпам запаланяла сцэну, і ў момант, калі-такі адбыўся той самы музычны экстаз, з-за натоўпу гледачы проста не ўбачылі цудоўнае пераўтварэнне музыкаў у манекенаў. Тэатр праваліўся.

Тым не менш, сам выступ гурта чарговы раз пацвердзіў адчуванне, што ў Беларусі адбываецца нешта незвычайнае, а менавіта, у нашай краіне з’явіўся гурт, які сапраўды варты вялікай еўрапейскай сцэны, і які вось-вось туды патрапіць.

У сувязі з апошнімі падзеямі вакол The Toobes, Еўрарадыё прыдумала “мулю” кшталту таго, што на сённяшнім канцэрце інкогніта прысутнічае той самы вялікі і знакаміты ТРЫКІ, які прыехаў паглядзець на гурт і забраць яго з сабою ў Еўропу. Самае цікавае, што ніхто гэтаму не здзівіўся, усе паверылі і з радасцю адправілі хлопцаў у багатае і зорнае замежнае жыццё.

Дзяўчына, якая нічога не ведае пра The Toobes, аднак ходзіць на іх канцэрты, лічыць, што наша краіна нічога не згубіць, калі гурт пакіне яе прасторы:

“Нічога яна не згубіць. Усё нармальна. Хлопцам пашанцавала. А што яны ў гэтай Беларусі атрымаюць? Нічога!”

Актыўны малады чалавек у акулярах не хавае свайго знаёмства з гуртом і радасці за тое, што хлопцам фарціць не па-дзіцячаму:

“Асабіста я буду вельмі рады за хлопцаў, бо неаднойчы мне даводзілася размаўляць з імі на гэтую тэму. Мой знаёмы перадаваў запісы “тубсаў” на маскоўскія рэкард-лейблы, аднак адтуль адказаў не прыходзіла. Тое, што хлопцамі зацікавіўся англійскі прадзюсар, які хоча іх прасунуць наперад – гэта толькі “ЗА!” Тут не тое, што беларуская сцэна згубіць геніяльную і самую сур’ёзную на сённяшні дзень рок-каманду. The Toobes проста пакажуць рэальна, што Ў БЕЛАРУСІ ЁСЦЬ МУЗЫКА! На ўвесь свет могуць заявіць пра гэта. Гэта, наадварот, плюс для нашай краіны”.

Як бачна, прыхільнік гурта яшчэ не ведае, што маскоўскія рэкард-кампаніі “Саюз” і “Містэрыя гуку” ўжо заявілі пра зацікаўленасць у сумеснай працы з гуртом і прапанавалі перавыдаць дэбютны альбом “Hello” на тэрыторыі Расіі.

Гарачая слухачка Еўрарадыё Наталля аказалася яшчэ і гарачай прыхільніцай гурта The Toobes. Паводле яе словаў, у выпадку прарыву гурта на Захад, яна будзе толькі ганарыцца сваімі землякамі:

“Я б ганарылася. Я б казала: Бачыце, чувакі, а я на іх хадзіла ў Беларусі ў той час, калі яны былі не такімі вядомымі. Я лічу, гэта файна. Будзе вельмі класна, калі яны прарвуцца, калі пра іх даведаюцца. Зноў жа, я спадзяюся, што яны будуць казаць  АДКУЛЬ ЯНЫ, і тым самым мы станем крыху бліжэйшымі да Цывілізацыі”.

Не абышлося на канцэрце і без музыкаў-сяброў гурта The Toobes, якія прыйшлі падтрымаць хлопцаў. Бас-гітарыст каманды The Fantastiques, Сяргей, далучаецца да вышэй апытанай публікі, і таксама лічыць, што гурт варты граць на вядомых сусветных сцэнах:

“Я думаю, ім там і месца. Хоць The Toobes і збіраюць поўны “Рэактар”, але з такім драйвам яны павінны граць на вялізных брытанскіх пляцоўках. Я падтрымліваю імкненне Трыкі працаваць з хлопцамі”.

Падобнага меркавання і беларускамоўная ўсмешлівая дзяўчына, якая не хавае свайго захаплення гуртом:

“Я буду за “тубсаў” толькі радая, калі яны паедуць у Англію, таму што іх музыка адтуль, мне здаецца, а не адсюль. Вядома, хлопцы заўсёды будуць казаць, што “мы з Беларусі. Вы ведаеце такую краіну?” І ўсе будуць пытаць: “А дзе гэта?”(смяецца)

Вядомы блогер Slaver бачыць у ад’ездзе The Toobes за мяжу толькі станоўчыя моманты:

Slaver: “Я думаю, для Беларусі гэта будзе таксама вялікі прарыў, таму што ўсё роўна ўсе будуць асацыяваць гурт з Беларуссю, хоць іх музыка вельмі брытанская. Увогуле для нас гэта класна. Хай едуць, але не забываюць пра Радзіму. Ну і для беларускіх гуртоў будзе добры прыклад як рухацца, куды рухацца,  як трэба рабіць музыку”.

Slaverа падхоплівае дзяўчына: “Так, няхай вяртаюцца. Бо тут ёсць іх фанаты і сябры!”

Аднак не ўсе прысутныя на канцэрце апынуліся прыхільнікамі гурта. Знайшліся і апаненты прыхільнікам The Toobes. Напрыклад, для сябра Slaverа музыка The Toobes не з’яўляецца нечым арыгінальным і новым:

“Мне якраз-такі падаецца, што іх музыка неарыгінальная, што яны не могуць прынесці штосьці новае. Хачу сказаць, што калі нейкі беларускі гурт хоча, каб іх пачулі ў свеце, то не трэба глядзець на сусветных зорак, трэба рабіць сваю справу без погляду на кагосьці іншага”.

Таксама не ўсе гледачы канцэрта з радасцю адправяць “тубсаў” у Брытанію. Некалікі дзяўчат-патрыётак наперабой запэўнівалі Еўрарадыё ў патрыятызме The Toobes і ў іх любові да Радзімы і да сваіх фэнаў:

“Я лічу, што Беларусь не згубіць такі цудоўны гурт, таму што хлопцы проста нікуды не з’едуць. Я лічу, што яны патрыёты, якія не пакінуць родныя сцены”.

Другая дзяўчына падхоплівае сяброўку: “Магчыма, нават калі яны і з’едуць, дык проста там узбагацяцца, набяруцца нечага новага і прывязуць нам гэта паказаць. Яны не забудуць родную Беларусь”.

Першая дзяўчына: “Не мала гуртоў з’язджае. Яны там гастралююць, аднак усё гэта робяць для сваёй краіны і для сваіх прыхільнікаў, якія менавіта жывуць на Радзіме. Самыя верныя прыхільнікі ўсё роўна заўсёды будуць у іх тут. Мы іх будзем падтрымліваць і вельмі любіць”.

Пасля красавіцкага канцэрта-прэзентацыі альбома “Hello” узнікла пытанне: ці зможа The Toobes паўтарыць свой трыумф праз паўгода ці год? Ці здолеюць хлопцы не спыніцца на дасягнутым і рушыць наперад, ці хопіць у іх крэатыву і фантазіі пагрузіцца ўглыб рок-н-рола і пераўтварыць свае гітарныя рыфы ў дарослыя песні?

“Манекенны” канцэрт станоўча адказаў на ўсе пытанні і разагнаў сумненні: праз паўгода гурт змог паўтарыць свой красавіцкі трыумф, іх музыка развіваецца: песні становяцца больш рокавымі, тлустымі, рознабаковымі па форме, меладычнымі і захоўваюць пры гэтым псіхадэлічнасць гучання.

Гурт не хавае сваёй апантанасці і жадання акунуць у сваю музыку ўвесь свет. Таму на сваім чацвёртым годзе жыцця The Toobes здымаў прафесійнае канцэртнае відэа, з якога ў хуткім часе выйдзе жывы DVD. Прыхільнікі гурта адрываліся па поўнай — слэму не было канца. Час ад часу да яго далучаліся хлопцы з The Toobes: іх насілі на руках як сапраўдных трыумфатараў.

Ну, а Еўрарадыё задалося чарговымі пытаннямі, на якія спадзяецца атрымаць адказ праз наступныя паўгода: ці патрэбна музыка The Toobes за мяжою? Ці патрапяць песні “тубсаў” на мінскія і замежная FM-станцыі? Ці прымуць хлопцаў у свой эшалон сусветныя зоркі?








Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі