Фемсупольнасць звярнулася да рэктара ЕГУ з нагоды харасмэнта з боку выкладчыка

Фемсупольнасць патрабуе незалежнага разглядання справы

Фемсупольнасць патрабуе незалежнага разглядання справы / facebook.com/EHUOfficial

Беларуская фемінісцкая супольнасць звярнулася да рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Кшыштафа Рыбіньскага. Яны занепакоеныя фактам таго,  што ўніверсітэт на працягу доўгага часу не звяртае ўвагі на атмасферу харасменту і булінгу, якую стварае сваімі паводзінамі дацэнт Сялецкі.

Еўрарадыё пераказвае тэкст звароту.

Упершыню пра дачыненне Сяргея Сялецкага да скандалу загаварылі ў верасні, калі ў Вільні адмянілі яго асабістую выставу праз скаргі. Некалькі студэнтак выказаліся пра булінг з яго боку, а некаторыя заявілі, што выкладчык іх дамагаўся.

Камісія па акадэмічнай этыцы ЕГУ часова адхіліла Сялецкага ад працы, акрамя гэтага пачалося разбіральніцтва наконт таго, ці працягне мужчына і далей выкладаць ва ўніверсітэце.

Але ў беларускай фемсупольнасці да Камісіі па этыцы ёсць шмат пытанняў, у тым ліку яны кажуць, што Камісія дзейнічала з парушэннем правоў студэнтак, а яе рашэнні былі непразрыстыя.

— Мы лічым працу Камісіі неэфектыўнай з-за перадузятасці яе чальцоў, якія маюць даўнія наладжаныя сяброўскiя стасункі з дацэнтам Сялецкім, што выклікае сумневы ў справядлівасці прынятых рашэнняў у дадзеным выпадку. Яскравым доказам гэтага з'яўляюцца маніпуляцыі і ціск з боку Камісіі па акадэмічнай этыцы ЕГУ на студэнтку Таццяну Барысаву за тое, што яна не баіцца адкрыта казаць пра харасмент ва ўніверсітэце.

Фемсупольнасць патрабуе, каб справу дацэнта Сялецкага разгледзела незалежная Спецыяльная камісія, ад якой яны чакаюць неперадузятасці, грунтоўнасці ў працы і справядлівага прысуду.

— Мы заклікаем Вас паведаміць грамадскасці аб складзе Спецыяльнай камісіі, яе рашэнні і тэрмінах выканання яе рэкамендацый.

Студэнткi — і асабліва студэнткі ЕГУ — знаходзяцца ў групе павышанай рызыкі з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Многія з іх атрымалі траўму, жывуць у няўпэўненасці і падвяргаюцца пераследу. Больш за тое, шмат каму пры вяртанні ў Беларусь пагражае арышт, допыт або фізічны гвалт. І мы непакоімся, што яны апынуліся ва ўніверсітэце, дзе таксама патэнцыйна падвяргаюцца харасменту і знявагам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі