Вы тут

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі паскардзілася ў ААН на санкцыі Еўрасаюза

Сцяг ФПБ / ФПБ

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі накіравала ў ААН скаргу на санкцыі Еўрасаюза супраць асобных беларускіх прадпрыемстваў. Зварот накіраваны на адрас Савета па правах чалавека ААН, перадае БЕЛТА.

У ФПБ заяўляюць, што эканамічныя санкцыі супярэчаць асноватворным прынцыпам міжнароднага права. Пры гэтым ФПБ спасылаецца, што Генеральная Асамблея ААН і Савет ААН па правах чалавека ў сваіх рэзалюцыях не раз падкрэслівалі, што аднабаковыя прымусовыя меры супярэчаць міжнароднаму праву, Статуту ААН, а таксама нормам і прынцыпам, якія рэгулююць мірныя адносіны паміж дзяржавамі.

"Прынятыя Еўрасаюзам пастановы аб увядзенні санкцый /.../ ушчамляюць права на працу работнікаў прадпрыемстваў, якія трапілі ў санкцыйны спіс. Паколькі абмежаванне дзейнасці прадпрыемстваў можа прывесці да зніжэння заробкаў і страты працоўных месцаў", — заявіла сакратар ФПБ па міжнароднай працы Ганна Варфаламеева.

Парадокс палягае ў тым, што сам афіцыйны Мінск упарта шмат гадоў ігнаруе рашэнні Савета ААН па правах чалавека. Таксама ігнаруюцца і пастановы Міжнароднай арганізацыі працы, якая заяўляла пра парушэнні правоў працоўных у нашай краіне.

Пад трэці пакет санкцый санкцый ЕС трапілі сем юрыдычных асобаў: "Белтэхэкспарт", "Дана Холдынгз", Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, "Сінезіс", "Агат", 140-ы рамонтны завод, МЗКЦ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.