Фальшывыя грошы вызначыла пральная машына

Жыхарка Жодзіна знайшла новы метад выяўлення фальшывых грошай. Каб упэўніцца, што купюры сапраўдныя, іх неабходна пакінуць у кішэні вопраткі і памыць разам з ёй. Менавіта так жанчына высветліла, што валодала трыма падробнымі банкнотамі вартасцю 20 тысяч беларускіх рублёў. Пасля незапланаваных водных працэдураў фарбы з паперы зніклі.

Кіраўнік Упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банку Беларусі Анатоль Драздоў кажа, што мыццё грошай не ідзе на карысць не толькі фальшывым, але і сапраўдным банкнотам. Але і дапамагае ўпэўніцца ў сапраўднасці купюр.

Анатоль Драздоў: “Грошы, якія былі памытыя, лёгка распазнаюцца на сапраўднасць. Некаторыя знакі ад вады і парашку знікнуць. Напрыклад, на выпуклай пячатцы знікне фарба, колеры паблякнуць. Але застанецца вадзяны знак, каляровыя валокны”.

За першы квартал 2007 года Нацыянальным банкам было зафіксавана 20 выпадкаў выялення банкаўскімі службоўцамі фальшывых беларускіх купюр. Усе яны былі вартасцю 10 і 20 тысяч рублёў.

Анатоль Драздоў: “Звычайна падрабляюць банкноты адносна дробнай вартасці – 10-20 тысяч рублёў. Пра 50 тысяч я ні разу не чуў, а 100 тысяч нават і не спрабавалі падрабіць”.

Адносна невялікую колькасць падробак, выяўленых у банках, Анатоль Драздоў тлумачыць проста: іх выяўляюць прадаўцы ў крамах. Таму з імі ў крамы амаль не ідуць.

Анатоль Драздоў: “Часцей за ўсё гэтыя дамарослыя фальшываманетчыкі не рызыкуюць ісці з такімі грашыма ў краму. Імкнуцца збыць іх на рынках, у кіёск сунуць. Бабулям, якія семачкамі гандлююць”.

Якім чынам фальшывыя грошы патрапілі да жыхаркі Жодзіна, высветліць не ўдалося. Пакуль ідзе следства, распаўсюд інфармацыі, датычнай справы, забаронены. Але ў тым, што падробныя грошы патрапілі да жанчыны не з крамы альбо банку, кіраўнік прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Алег Слепчанка ўпэўнены на 100 адсоткаў.

Алег Слепчанка: “Сказаць, што Беларусь трусіць ад фальшыманетніцства, нельга. Выпадкова праскочылі гэтыя грошы. Магчыма, з рук хтосьці штосьці прадаў. У сельскай мясцовасці такое здараецца”.

Прадстаўнік праваахоўных органаў сцвярджае, што фактаў вырабу падробак беларускіх грошай у найноўшай крымінальнай гісторыі Беларусі не шмат. Пэўны ўсплёск у гэтай сферы адзначаўся гады 4 таму, калі ў вялікай колькасці з’явіліся сканеры і прынтэры. І не было ні аднаго выпадку, каб падробкі зрабілі на высокім прафесійным узроўні.

Алег Слепчанка: “Я, да прыкладу, такіх фактаў не чуў, каб фальшыўкі рабілі прафесійна. З выкарыстаннем афсетнага друку, паперу падбіралі… Гэта ўсё вельмі складана, на самой справе”.

Наколькі прафесійна зроблена фальшыўка, не мае ніякага значэння для суда. Як сведчыць адвакат Вера Страмкоўская, якасць на прысуд не ўплывае.

Вера Страмкоўская: “Выраб, захоўванне альбо збыт падробных грошай альбо каштоўных папер”, артыкул 221 Крымінальнага кодэкса. 1-я частка – абмежаванне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй, альбо без канфіскацыі маёмасці. 2-я частка – тыя ж дзеянні, зробленыя паўторна, альбо арганізаванай групай, альбо ў буйных памерах. Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці”.

Супрацоўнік Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў і прадстаўнік праваахоўных органаў Алег Слепчанка сцвярджаюць, што фальшывыя беларускія грошы дзеля жартаў вырабляюць падлеткі. Вось толькі пакаранне за гэта зусім не жартоўнае.

Фота baikal.tv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі