Еўропа рыхтуе чарговы крок насустрач Беларусі

Еўракамісія мае намер прапанаваць шасці постсавецкім краінам, у тым ліку Беларусі, скласці дамову аб асацыяцыі і стварэнні новай еўрапейскай эканамічнай зоны. Мяркуецца, што гэтая зона стане базай для развіцця агульнага ўнутранага рынку.
Як адзначае БелаПАН, паўнавартасны ўдзел Беларусі ва "Ўсходнім партнёрстве" пакуль пад пытаннем. Рашэнне па Беларусі будзе прымацца ўвесну ў залежнасці ад дэмакратычнага прагрэсу краіны.

Вось як пракаментаваў намер Еўракамісіі зрабіць чарговы крок насустрач Беларусі палітолаг Алесь Лагвінец:

"Калі Еўрапейская камісія гэта робіць, значыць ёсць пэўныя спадзевы на станоўчы адказ беларускіх уладаў. Любое супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім звязам мусіць вітацца, бо Беларусь сёння самаізалявалася ад Еўропы. Таму гэтая прапанова паглыбленага эканамічнага супрацоўніцтва адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам".

Чакаецца, што 3 снежня прапанова Еўракамісіі будзе афіцыйна апублікавана, а 11 снежня ўключана ў палітыку ЕС на Еўрапейскім саміце кіраўнікоў краін аб'яднанай Еўропы. У чэрвені 2009 года прапаноўваецца правесці саміт Усходняга партнёрства, а затым праводзіць рэгулярныя сустрэчы службоўцаў краін ЕС і Ўсходняй Еўропы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі