Еўропа гатовая да дыялогу. Беларусь — не

23 сакавіка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры адбылася канферэнцыя, прысвечаная палітычнай і культурнай спадчыне Іаганэса Рау.

Здаецца, ніхто з запрошаных у канферэнц-залю не сумняваўся ў
тым, што постаць экс-прэзідэнта Нямеччыны ўзгадалі ў ММАЦы невыпадкова. Спадар
Рау, які сцвярджаў, што палітычных апанентаў нельга ўспрымаць як ворагаў, яшчэ
пры жыцці стаў у Еўропе ўвасабленнем дыялогу. Гэты сімвалізм адзначыў у сваёй
прамове нават намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валер Варанецкі.

Валер Варанецкі: “Яго дэвіз “Прымірэнне замест размежавання” асабліва
запатрабаваны сёння, калі актуальнае пераадоленне ўзаемнага недаверу і
нармалізацыя адносінаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам”.

Галоўнай мэтай, з якой карэспандэнт “Еўрапейскага радыё” завітаў на
канферэнцыю, была сустрэча з доктарам Манфрэдам Штольпэ. Напрацягу апошніх
дзесяцігоддзяў спадар Штольпэ зрабіў паспяховую палітычную кар’еру, апошнімі
этапамі якой былі пасады прэм’ер-міністра зямлі Брандэнбург і федэральнага
міністра з урада Герхарда Шродара.

Пасля таго, як канцлерам Нямеччыны стала
Ангела Меркель, доктар Штольпэ выйшаў у адстаўку ў статусе аднаго з самых
абазнаных палітычных аналітыкаў аб’яднанай Еўропы. Ці магчымы канструктыўны
дыялог паміж афіцыйным Захадам і беларускімі ўладамі, найперш запытаўся я ў
Манфрэда Штольпэ.

Манфрэд Штольпэ: “Лічу такі дыялог неабходным. Мне здаецца, можна пачынаць з
практычных пытанняў. Зараз актуальнае пытанне – гэта шэраг арыштаў. Павінна
адбыцца вызваленне… Еўрапейскі саюз будзе клапаціцца пра тое, каб весці такі
дыялог, але весці паэтапна”.

Еўрасаюз гатовы на крокі ў адказ, але пакуль дыялог у Беларусі і аб’яднанай
Еўропы не атрымліваецца. Як вынік – падаўжэнне на год эканамічных санкцыяў з
боку ЕС. Праўда, на думку доктара Манфрэда Штольпэ, санкцыі – гэта не больш чым
спроба прымусіць беларускія ўлады ўсё ж такі перакінуцца з Еўропай парай
канструктыўных рэплік.


Манфрэд Штольпэ: “Санкцыі былі прынятыя, але яшчэ не ўступілі ў сілу. Гэта
адбудзецца толькі 1-га ліпеня, і тры месяцы, што засталіся, – надзвычай важныя.
Гэта менавіта тыя тры месяцы, за якія можна перадухіліць санкцыі”.

Наладзіць дыялог паміж прысутнымі планавалі і арганізатары мінскай канферэнцыі.
На трыбуну, з якой нямецкія навукоўцы распавядалі прысутным пра прынцыпы
Іаганэса Рау, запрасілі ўсіх ахвочых. Першым на яе ўзляцеў Юры Хадыка:

Юры Хадыка: “Кожны раз я здзіўляюся той глыбіні непаразумення, якая падзяляе
беларускую дэмакратычную грамадскасць і дэмакратычных дзеячоў з Нямеччыны”.

Кожны з беларускіх прамоўцаў, акрамя, хіба што, прысутных у залі ветэранаў,
выказваў свае падзякі і свае прэтэнзіі – да немцаў і адзін да аднаго. У
адукацыйным цэнтры адбывалася хутчэй не дыскусія, а чарговы раунд бясконцага і
бессэнсоўнага высвятлення адносінаў паміж старымі знаёмымі, якія ніяк не могуць
падзяліць нешта каштоўнае і важнае для іх для ўсіх.

Каб весці канструктыўны
дыялог з Еўропай, беларускім палітыкам трэба сапчатку высветліць усе пытанні
паміж сабой. А гэтае высвятленне пытанняў можа цягнуцца доўгія гады. І таму ў
прагнозе доктара Манфрэда Штольпэ, якім скончыцца гэты рэпартаж, я схільны
бачыць не толькі пазітыў, але і глыбокую іронію.

Манфрэд Штольпэ: “Я спадзяюся, што калі Еўрапейскі саюз будзе святкаваць
сваё стагоддзе, Беларусь ужо будзе ўваходзіць у аб’яднаную Еўропу. І, мне
здаецца, што праз 50 гадоў гэта будзе трывалы саюз”.

Фота vdk.de