Еўрасаюз заклікае зняць абвінавачанні з Ціханоўскага і іншых актывістаў

Еўрасаюз заклікае зняць абвінавачанні з Ціханоўскага і іншых актывістаў

Еўрасаюз заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць Сяргея Ціханоўскага і зняць абвінавачанні з яго і іншых актывістаў. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Пітэр Стана. Яго заяву размяціла ў Фэйсбуку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. 

"З улікам адвольнага характару затрымання і крымінальнага пераследу Сяргея Ціханоўскага ЕС па-ранейшаму заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага і зняцця ўсіх абвінавачванняў, выстаўленых супраць яго і іншых актывістаў. Безумоўна, гэта адносіцца таксама да іншых абвінавачаных і затрыманых актывістаў", — заявіў прадстаўнік ЕС. 

Сяргея Ціханоўскага і яшчэ дзевяць чалавек затрымалі на выбарчым пікеце ў Гродне 29 траўня пасля правакацыі. 8 чэрвеня Ім выставілі абвінавачанне ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Блогер узначальвае ініцыятыўную групу сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай, якая вылучаецца на пасаду прэзідэнта. 

Па словах Стана, леташнія выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі сталі "ўпушчанай магчымасцю правесці выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі". Ад імя ЕС ён заклікаў беларускія ўлады правесці прэзідэнцкія выбары з захаваннем асноўных правоў і свабодаў грамадзян, а таксама поўным выкананнем умоваў для сапраўднай палітычнай канкурэнцыі. 

Прадстаўнік ЕС нагадаў, што тыдзень таму дыпламатычныя місіі краін ЕС і іншых краін-партнёраў у Беларусі рабілі заяву на гэты конт: "Тое, як будуць праведзеныя прэзідэнцкія выбары сёлета, будзе мець вырашальны ўплыў на далейшае развіццё адносін ЕС і Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі