Вы тут

Еўрасаюз працягнуў на паўгода эканамічныя санкцыі супраць Расіі

Фота: pixabay.com

Еўрапейскі саюз на паўгода працягнуў эканамічныя санкцыі супраць Расіі — да 31 ліпеня 2019 года. Пра гэта, як піша "Новая газета", гаворыцца ў заяве Савета ЕС. 

Падаўжэнне санкцыяў абгрунтоўваецца тым, што Расія не праявіла ніякага прагрэсу ў выкананні Мінскіх дамоўленасцяў. 

Рашэнне аб падаўжэнні санкцыяў было прынятае аднагалосна. Санкцыі закранаюць фінансавы, энергетычны і абаронны сектары расійскай эканомікі, а таксама шэраг тавараў двайнога прызначэння.

Санкцыі супраць Расіі Еўрасаюз увёў у 2014 годзе — пасля далучэння Крыма і пачатку ваеннага канфлікту ў Данбасе. У лютым 2015 года на саміце ЕС Германія, Францыя, Украіна і Расія дамовіліся, што санкцыі могуць быць адмененыя пасля выканання Мінскіх пагадненняў. Адно з гэтых патрабаванняў — спыненне агню ў асобных раёнах так званых Данецкай і Луганскай рэспублік.