“Еўрапейскія стандарты датэрміновага галасавання прыжываюцца нядрэнна"

Два дні яшчэ засталося да выбараў, але на некаторых выбарчых участках яны ўжо адбыліся! Пра гэта сёння напісалі амаль усе беларускія СМІ. Розніца ў тым, што незалежную прэсу гэты факт абураў. А афіцыйныя газеты, наадварот, выступілі ў абарону датэрміновага галасавання і назвалі яго найбольш прагрэсіўным. "Паважаныя калегі! Сёння (25 верасня) неабходна тэрмінова ўсім прагаласаваць. Па выбарчых участках запатрабавалі спісы не прагаласаваўшых настаўнікаў", - такую аб'яву павесілі ў настаўніцкай слуцкай гімназіі №1, піша інтэрнэт-выданне "Салідарнасць".

І гэта не адзіны такі выпадак. На форумах ва ўсю пішуць пра тое, што студэнтаў "гоняць на выбары пад прымусам". Такія захады даюць свой плён. Так, на 528-м выбарчым участку Коласаўскай акругі № 106 Мінску выбары ўжо адбыліся. Пра гэта паведаміў лідар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, які балатуецца па гэтай акрузе, піша БелаПАН:

“Па словах Сяргея Калякіна, участак месціцца ў інтэрнаце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, а асноўныя выбаршчыкі там – студэнты. Прадстаўнік камісіі Марына Малашкевіч сказала, что на 528-м выбарчым участку сапраўды прагаласавала больш за палову выбаршчыкаў”.

Дэмакратычныя сілы Беларусі ўпэўненыя, што ўлады выкарыстоўваюць датэрміновае галасаванне каб сфальсіфікаваць выбары:

“Пра гэта было заяўлена на паседжанні прэзідыума палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл. АДС рыхтуюць спецыяльную заяву ў сувязі з паўсюдным выкарыстаннем уладамі адміністрацыйнага рэсурса для забеспячэння патрэбнага працэнту яўкі падчас датэрміновага галасавання”, - інфармуе партал tut.by.

Дэмсілы такую датэрміновую яўку называюць “абуральным фактам”. А афіцыйная прэса — “выбарчым стандартам”. Так “Советская Белоруссия” цытуе словы Мікалая Лазавіка, сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі:

“Практыка датэрміновага галасавання – не наша вынаходніцтва. Яно даўно стала нормай у шматлікіх краінах. Вядома, напрыклад, што ў Швецыі па асобных акругах датэрмінова галасуюць да 80 адсоткаў выбаршчыкаў.... Дарэчы, цікава, што назіральнікі ад АБСЕ, ацэньваючы апошнія выбары ў ЗША, раілі пашырыць практыку датэрміновага галасавання”.


Праўда “Советская Белоруссия” не згадвае, што студэнтаў у Швецыі наўрад ці прымушалі галасаваць датэрмінова пад пагрозай высялення з інтэрнатаў....

Прагрэсіўнасць датэрміновага галасавання – галоўная тэма артыкулу “Мой голас вырашае многае!”, змешчанага ў дзяржаўнай газеце “Рэспубліка”. На працягу ўсяго артыкулу журналіст пераконвае нас галасаваць датэрмінова:

“Такія выбарчыя стандарты прынятыя ва ўсім свеце. У Еўропе, напрыклад, выбары стартуюць за два тыдні да асноўнага галасавання. У асобных штатах ЗША – увогуле за некалькі месяцаў. Паказальны досвед Швецыі: да 80 адсоткаў выбаршчыкаў датэрмінова аддаюць свае галасы за кандыдатаў. У нашай краіне гэтыя стандарты прыжываюцца нядрэнна”.

Для тых, хто ўсё ж такі сумняецца, што яго голас можа што-небудзь вырашыць, “Рэспубліка” прыводзіць словы выбаршчыцы са стажам, Лідзіі Міхалачкінай. Пенсіянерка ўпэўненая, што яе голас можа стаць вырашальным. І тлумачыць гэта пры дапамозе простай арыфметыкі:

“Я вельмі актыўны і адказны выбаршчык. За ўсё жыццё не прапусціла ніводных выбараў. Ведаючы, што ў выходныя давядзецца капацца ў агародзе пад Дзяржынскам, прыйшла прагаласаваць загадзя... Мяне раздражняюць тыя людзі, якія кажуць, маўляў, адзін голас нічога вырашыць не можа. Можа, і яшчэ як! Калі ў Івана будзе 10 галасоў, а ў Пятра 9, то пераможа першы...”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі