Еўрапейская якасць ад беларускіх "Лявонаў"

Нам стала вядома, што беларускі гурт “Лявоны” змяніў назву, збіраецца выпускаць кліп і міні-альбом.
Больш падрабязна пра гэтыя змены і пра тое, чаму хлопцы зніклі адразу пасля адборачнага туру “Еўрафэсту”, мы даведаліся ў бэк-вакаліста калектыву і аўтара словаў Міхаіла Галдзенкова:

“Проста ў нас не было мэнэджэра, намі ніхто не займаўся, і мы, калі дасягнулі поспехаў проста разбегліся па сваіх кватэрах. Атрымліваецца, што наш калектыў працаваў на ўзроўні хобі. Цяпер мы вырашылі зрабіць нармальную праграму, запісаць альбом і кліпы.

У нас з’явіўся імпрэсарыё, які будзе намі прафесійна займацца. Мы вырашылі адначасова запісаць кліп і запісаць альбом. Зрабіць міні-альбом, як гэта робіцца ў Еўропе.

Гэта значыць, што ўсю нашую англійскую праграму, якая ў нас ёсць, мінус песні, якія яшчэ недапрацаваныя, мы выпускаем у выглядзе міні-альбому і адначасова з ім на першым музычным прэзентуем кліп.

Кліп, можа быць, і не самы паспяховы, але мы вырашылі зрабіць яго ў стылі 60-80-х гадоў у стылі “Yellow Submarine” “Бітлз”, анімацыйный кліп на песню “Strange Love”. Проста змянілася назва гурта, цяпер мы не “Лявоны”, а “Liavoni.by”. Мы вырашылі, што трэба неяк адрознівацца ад тых “лявонаў”, якія былі ў 1996-1998 гадах. Думалі “Лявоны International”, але гэта смешна, і мы вырашылі “Liavoni.by” – Лявон імя беларускае, “by” гэта беларуская інтэрнэт зона.

Мы плануем такі вал і клубных выступаў, і альбом, і кліп, да таго ж, збіраемся запісаць і другі кліп. Мы проста жадаем паказаць, што ў Беларусі ёсць музыкі, якія могуць рабіць музыку дзеля Еўропы. Таму што смешна назіраць, як нашыя кандыдаты на “Еўрабачанне” просяць дапамагчы расійскую эстраду, таго ж Кіркорава – няўдачнік “Еўрабачання”, які ўжо тры разы там праваліўся.

Гэта глупства, не трэба ўвесь час шукаць нейкіх варагаў, трэба шукаць свае сілы. Тая ж Барабаншчыкава піша добрыя песні на англійскай мове, яны адрозніваюцца ад таго, што яна спявае па-руску. Ёсць такі дзіўны пункт гледжання, што для Беларусі можна рабіць што-небудзь горшае чым для Еўропы. А мы збіраемся рабіць як трэба: музыку для сусвету, але тут, у Беларусі”.

Дадам толькі, што канчатковая дата прэзентацыі пакуль невядома, але музыкі спадзяюцца, што гэта будзе канец лютага - пачатак сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі