ЕС узмоцніць персанальныя санкцыі супраць Мінска — кіраўнік МЗС Германіі

Хайка Маас / Reuters
Хайка Маас / Reuters

Еўрасаюз у панядзелак прыме рашэнне аб узмацненні персанальных санкцый супраць Мінска, паведамляе ТАСС са спасылкай на кіраўніка МЗС Германіі Хайка Мааса.

Раней анансавалася, што 15 лістапада кіраўнікі МЗС ЕС будуць абмяркоўваць пашырэнне санкцый у дачыненні да Мінска.

Паводле слоў Мааса, будуць абмяркоўвацца і сектаральныя абмежаванні. У прыватнасці, гаворка ідзе пра магчымыя санкцыі для авіякампаній, якія садзейнічаюць перавозцы мігрантаў у Беларусь. Гэта пацвердзіў і кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль. Паводле яго слоў, ЕС прыме ў панядзелак новы пакет мэтавых санкцый супраць Беларусі і створыць механізм санкцый супраць авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў. 

ЕС не бачыць альтэрнатывы жорсткім дзеянням супраць Мінска, бо эскалацыяй сітуацыі займаецца беларускі бок, патлумачыў кіраўнік нямецкай дыпламатыі Хайка Маас.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з ЕС рэзка абвастрыўся тыдзень таму. Да мяжы ў раёне беларускага Гродна прыйшлі некалькі тысяч мігрантаў і пачалі патрабаваць, каб польскія памежнікі прапусцілі іх у Германію. У ЕС, а таксама ў ЗША і Вялікабрытаніі лічаць, што ў стварэнні крызісу вінаватая Беларусь. У спецыяльнай заяве, прынятай па выніках кансультацый у Савеце Бяспекі ААН, гаварылася, што Мінск мае на мэце "дэстабілізацыю сітуацыі на знешніх межах суседніх дзяржаў і ЕС і адцягненне ўвагі ад парушэння правоў чалавека ўнутры самой Беларусі".

Напярэдадні адбылася тэлефонная размова Жазэпа Барэля з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Жазэп Барэль сказаў Уладзіміру Макею, што "людзі не павінныя выкарыстоўвацца ў якасці зброі", а "цяперашняя сітуацыя [на межах Беларусі з краінамі ЕС] непрымальная".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі