З Гомельскай вобласці пачаліся самыя сапраўдныя ўцёкі сферы грамадскага харчавання. Прыватнікі прадаюць свае кавярні і рэстараны ў асноўным праз пераезд у іншыя краіны. А госы "скідаюць" актывы, якія сталі лішнімі.
Рэстаратары з'язджаюць
Напрыклад, у Гомелі тэрмінова прадаецца кавярня "Марвел Бургер". "Прычына — пераезд уладальніка бізнесу", адзначаецца ў аб'яве. За ўстанову просяць 34 тысячы рублёў.
Прыдарожная кавярня "Максім" у Рэчыцы таксама прадаецца праз пераезд уладальніка. За яе просяць ужо $300 тысяч. Мяркуючы па інфармацыі з аб'явы, інфраструктура ў гэтага аб'екта сур'ёзная — напрацоўвалася 16 гадоў.
У Жлобіне выстаўлены на продаж ларок "Го фуд", які нават не паспеў адкрыцца. Прадавец таксама пакуе чамаданы ў іншую краіну. Цана бізнесу — дамоўная.
У пачатку лютага светлагорскі гарадскі партал пісаў, што 7 з 12 аб'ектаў грамадскага харчавання, якія прадаюцца ў Гомельскай вобласці, выйшлі на рынак нерухомасці менавіта праз змену месца жыхарства іх уладальнікаў.
Дзяржпрадпрыемствы скідаюць баласт
Адразу два гомельскія дзяржпрадпрыемствы прадаюць свае аб'екты грамадскага харчавання. Гэта "Гомельтранснафта Дружба" і Гомельскі радыёзавод.
Гомельскі радыёзавод выставіў на аўкцыён сталовую — і хоча за яе $349 тысяч. "Гомельтранснафта Дружба" — кавярню і сталовую, за $310,4 тысячы. А яшчэ — свой "Вытворчы камбінат", мясны бізнес "пад ключ". Нерухомасць камбіната, машыны і абсталяванне выстаўляюцца на аўкцыён са стартавай цаной $515,5 тысячы.

На Гомельскім радыёзаводзе растлумачылі, што іх аўкцыён звязаны з памяншэннем колькасці персаналу. Работнікаў у Гомельскай вобласці сапраўды становіцца менш: паводле звестак Белстата, за 2020 год у вобласці было звольнена на 4859 работнікаў больш, чым працаўладкавана. Такая тэндэнцыя назіраецца па ўсёй краіне.
— Пры заводах раней было і па дзве, і па тры сталовыя. Цяпер мы абыходзімся меншым памяшканнем для харчавання, — кажа супрацоўніца радыёзавода.
Чаму "Гомельтранснафта Дружба" выставіла на аўкцыён свае кавярню і сталовую, даведацца на прадпрыемстве не ўдалося. Тады мы пад выглядам пакупнікоў патэлефанавалі, каб пацікавіцца, у сувязі з чым прадаецца "Вытворчы камбінат". Можа, бізнес і праўда цікавы?

Перш-наперш даведваемся, што даўгамі гэты філіял прадпрыемства "Гомельтранснафта Дружба" не абцяжараны:
— Прадпрыемства прадаецца ўжо тры гады, таму што "Гомельтранснафта Дружба" распрадае ўсю сацыяльную сферу. Яно ўжо выстаўлена з самым нізкім паніжальным коштам на аўкцыён.
Далей нам расказваюць, што "Вытворчы камбінат" пабудаваны 26 гадоў таму спецыялістамі з Аўстрыі.
— Тут пастаўлена ўсё абсталяванне нямецкае і аўстрыйскае. Мадэрнізацыя не праводзілася. Новага абсталявання набыта толькі дзве адзінкі: гэта шпарыльны чан у 2019 годзе і вакуумны шпрыц у 2020 годзе. Усё астатняе — як пабудавалі аўстрыйцы, — працягваюць на "Вытворчым камбінаце". На праблемы з фінансамі нафтавікі не скардзяцца. Проста камбінат больш не патрэбны. Але пакупніка на яго няма ўжо тры гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.