Елізар’еў: Я не хачу браць удзел у вынішчэнні тэатра, якому аддаў жыццё

Былы мастацкі кіраўнік і дырэктар Нацыянальнага Вялікага тэатра балету растлумачыў прычыны свайго сыходу з тэатра. У панядзелак былы мастацкі кіраўнік і дырэктар Нацыянальнага вялікага тэатра балету Валянцін Елізар'еў правёў прэс-канферэнцыю, падчас якой растлумачыў прычыны свайго сыходу з тэатра.

Елізар’еву была абяцана пасада генеральнага дырэктара Нацыянальнага вялікага тэатра оперы і балета, аднак у выніку вядомаму балетмайстру прапанавалі застацца толькі мастацкім кіраўніком балета — пасаду, з якой ён пачынаў працаваць 36 гадоў таму. Менавіта гэта і стала апошняй кропляй.

Валянцін Елізар’еў: “Я 36 гадоў працую ў тэатры. З іх 17 – дырэктарам і мастацкім кіраўніком тэатра Балета. Гэты досвед і веды, уменне ствараць спектаклі, працаваць з артыстамі, сачыць не толькі за творчым працэсам, але і быць менеджэрам, імпрэсарыо не спатрэбіліся ў новым тэатры. Я не спатрэбіўся. Бачыць усё гэта і змірыцца з тым — проста не паважаць свой досвед, сваю працу і сам тэатр. Аддаць уладу малакампетэнтнаму дырэктару-“гаспадарніку”, як гэтага хоча Мінкультуры – значыць загубіць тэатр. Таму мая прысутнасць у тэатры становіцца немагчымай. Я не хачу браць удзел у вынішчэнні тэатра, якому прысвяціў сваё жыццё”.

Акрамя таго, паводле слоў Елізар’ева, на яго сыход паўплывалі малыя заробкі, слабае фінансаванне і існаванне дзяржзаказу.

Валянцін Елізар’еў: “Гэта праблемы, якія існуюць дзесяцігоддзі: нізкі заробак артыстаў, дрэннае фінансаванне новых пастановак, адсутнасць сродкаў на падтрымку бягучага рэпертуару, а яшчэ форму прыдумала Міністэрства культуры – дзяржзаказ. Нібыта мы прыватнае прадпрыемства і нам даюць дзяржзаказы. Мы – дзяржаўны тэатр, нас павінна фінансаваць дзяржава!”

З-за нізкіх заробкаў тэатр пакідаюць лепшыя артысты. У свой час Елізар’еў звярнуўся з лістом да прэзідэнта. У выніку быў падпісаны ўказ пра павышэнне заробкаў на 75 адсоткаў. Аднак да тэатра чамусьці дайшлі толькі 45 абяцаных адсоткаў, і толькі на тарыфную сетку, на штатны расклад…

Валянцін Елізар’еў адзначыў, што не збіраецца пакідаць тэатральную дзейнасць. Ён працягне ствараць спектаклі як у Беларусі, так і за яе межамі. А пакуль маэстра плануе заняцца сваім унукам, якому споўнілася 9 месяцаў.

Тым часам, балетная трупа звярнулася да міністра культуры з просьбай знайсці паразуменне з Елізар’евым. Акцёры спадзяюцца, што маэстра ўсё ж вернецца ў тэатр.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі