Эксперты: Выбарчы кодэкс Беларусі не гарантуе дэмакратычнасць выбараў

Унесеныя ў Выбарчы кодэкс Беларусі папраўкі з'яўляюцца крокам да ліквідацыі недахопаў, але не гарантуюць правядзення адкрытых і дэмакратычных выбараў. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве экспертаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ і Венецыянскай камісіі Савета Еўропы.
Як паведамляе БелаПАН, дырэктар БДІПЧ АБСЕ Янэз Ленарчыч адзначыў, што "патэнцыйна пазітыўны эфект ад шэрагу паправак можа быць сапсаваны недахопамі ў працэдуры падліку галасоў". У сваю чаргу сакратар Венецыянскай камісіі Томас Маркет заявіў, што толькі заканадаўства не можа гарантаваць правядзення выбараў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам. "Якасць будучых выбараў у Беларусі будзе залежыць не толькі ад дзейнага заканадаўства. Важна яшчэ, як заканадаўчая база будзе ўжывацца", — падкрэсліў ён.

На думку міжнародных экспертаў, для паляпшэння выбарчага працэсу ў Беларусі неабходна спрасціць працэдуру рэгістрацыі кандыдатаў і правядзення агітацыйнай кампаніі, даць дадатковыя гарантыі па правядзенні датэрміновага галасавання, дазволіць аспрэчваць рашэнні ЦВК у Вярхоўным судзе.

У заяве адзначаецца, што ў Беларусі адсутнічаюць крытэрыі ў працэдуры выбару членаў выбарчых камісій. Асабліва падкрэсліваецца, што папраўкі ў Выбарчы кодэкс так і не прадаставілі гарантыі таго, што назіральнікі змогуць сачыць за працэдурай падліку галасоў.

АБСЕ і Венецыянская камісія гатовыя да далейшага цеснага супрацоўніцтва з Мінскам па ўсіх пытаннях рэфармавання выбарчага заканадаўства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі